Холад крамлёўскіх муроў для Лукашэнкі

У далёкія савецкія часы заходнія экспэрты рабілі глыбакадумныя высновы пра зьмены ў палітыцы Крамля, аналізуючы расстаноўку чальцоў палітбюро на трыбуне Маўзалею. Занятак гэты быў няўдзячны і не заўсёды прыводзіў да адэкватных высноваў.

Цяпер інструмэнтаў для аналізу вынікаў паездкі Аляксандра Лукашэнкі на парад у Маскву не нашмат больш. Аднак дэталі паказальныя.

Не, фармальна кажучы, кіраўніка Беларусі з сынамі прымалі ў Маскве па першым разрадзе. Ён разам з сынам Мікалаем сядзеў на трыбуне бліжэй за ўсіх астатніх да Ўладзіміра Пуціна.

Але відэа зафіксавала, як Пуцін вітае гасьцей сьвята, паціскаючы ім рукі, але не падае рукі Мікалаю Лукашэнку. Сын прэзыдэнта ўжо не дзіця, юнакам у яго гадах прынята падаваць руку. Калі не падаюць, то, як правіла, робяць гэта наўмысна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін не падаў рукі наймалодшаму сыну Лукашэнкі. ВІДЭА

Агенцтва «РИА Новости» паведаміла, што падчас прагулкі высокіх гасьцей па Краснай плошчы і ўскладаньня вянкоў да магілы Невядомага салдата Лукашэнка трымаўся воддаль ад Пуціна і не размаўляў ні зь ім, ні зь іншымі кіраўнікамі дзяржаваў.

Тое самае агенцтва паведаміла, што прэзыдэнт Расеі коратка пагаварыў зь некалькімі кіраўнікамі дзяржаваў. Лукашэнкі сярод пералічаных суразмоўцаў не было.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў не адказаў на пытаньне журналістаў, ці паразмаўлялі Пуцін і Лукашэнка падчас сьвята.

Парад сярод пандэміі: Лукашэнка ды іншыя. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Той жа Пяскоў і пасольства Беларусі ў РФ палічылі патрэбным патлумачыць, што прэзыдэнт Беларусі прысутнічаў на ўсіх этапах – і на парадзе, і на ўскладаньні вянкоў да магілы Невядомага салдата, і на прыёме, які быў наладжаны для гасьцей прэзыдэнтам Расеі. Бо тэлеграм-каналы пусьцілі пагалоску, што Лукашэнка зьехаў, не застаўшыся на прыём.

Такая вось выразная мова жэстаў і цела.

Варта адзначыць, што былі фактары, якія маглі б заахвоціць Пуціна ўстрымацца ад такіх жэстаў. Яны з Лукашэнкам даўно асабіста ня бачыліся, нельга сказаць, што на сьвята ў Маскву зьехаліся ўсе сьцягі сьвету. Прадстаўніцтва на вышэйшым узроўні было даволі сьціплае, з грандаў усясьветнай палітыкі не прыехаў ніхто, нават ня ўсе лідэры краінаў СНД, ЭАЭС і АДКБ прыехалі. Пандэмія, вы ж разумееце. Ну і ня толькі, пэўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РИА Новости: «Прэзыдэнт Беларусі ні з кім ня меў зносінаў»

Зыходзячы з гэтых меркаваньняў, лідэра саюзнай дзяржавы, які прыехаў на сьвята з усім сямействам, прэзыдэнт Расеі мог бы прыняць і цяплей.

Але не палічыў патрэбным. Дакладней, палічыў патрэбным прыняць так, як прыняў.

Чаму? Так бы мовіць, «па сукупнасьці заслугаў». Тут і вялікія складанасьці ў двухбаковых адносінах – захоп «Белгазпрамбанку», высылка карэспандэнта «Першага каналу» і многае іншае, і асабістая шпілька (скажам мякка) з сувэрэнным сьвяткаваньнем Дня Перамогі 9 траўня і намёкамі ў гэтай сувязі на тое, хто сапраўдны спадкаемца Перамогі.

Ну вось у адказ – холад крамлёўскіх муроў.

Далёкасяжных высноваў з гэтага рабіць ня варта. Мяркуючы па ўсім, адносіны, у тым ліку і асабістыя, няпростыя ўжо даўно. Ці вынікае зь «няласкі», прадэманстраванай на Краснай плошчы, што Расея, Пуцін крута памянялі або памяняюць сваю палітыку адносна Беларусі? Наогул кажучы, не.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін запрасіў Лукашэнку яшчэ раз прыехаць праз тыдзень

Рытуал выкананы з абодвух бакоў. У Маскву і праўда прыехалі нямногія зь лідэраў краінаў, даводзіцца шанаваць і тых, хто прыехаў. Да таго ж ёсьць стратэгічныя інтарэсы Расеі, як іх бачаць у Крамлі, і на іх ня вельмі ўплываюць асабістыя крыўды. Адказам на шпількі робяцца шпількі і холад, а ня ўдар дубінай.

Палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі некалькі гадоў таму напісаў, што Аляксандар Лукашэнка мадыфікаваў прыказку пра «ласкавае цялятка», якое дзьве маткі сьсе, зрабіўшы адкрыцьцё, што «цялятку» пры гэтым нават не абавязкова быць ласкавым.

Ну дык і зь ім абышліся ня вельмі ласкава. У парадку ўзаемнасьці.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ня стане парад у Маскве апошнім для Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка краіны? Аналіз