Чуднаўская гарадзкая рада вызначылася зь месцам, дзе найбліжэйшым часам паставяць помнік аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яну Баршчэўскаму — ён жыў і памёр у горадзе Чуднаве Жытомірскай вобласьці.
Паводле рашэньня рады, бюст Яну Баршчэўскаму паставяць у цэнтры гораду — на вуліцы Герояў Майдану, 102 паблізу рыма-каталіцкага касьцёлу Адшуканьня Крыжа Гасподняга.
Як паведаміла Свабодзе загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка, надмагільная пліта Яна Баршчэўскага, знойдзеная летась на адным з прыватных падворкаў гораду, у добрым стане:
«Яе ўжо ачысьцілі, адрэстаўравалі. Надпіс на ёй чытаецца добра. Яна стане адным з элемэнтаў помніка. Цяпер мы знаходзімся на стадыі перамоваў аб удзеле беларускага, польскага і ўкраінскага бакоў у фінансаваньні помніка».
Паводле Сьвятланы Захарчанкі, папярэдне помнік плянуюць адкрыць 12 верасьня:
«Мы вельмі спадзяемся, што эпідэмія каранавірусу да таго часу будзе ўтаймаваная».
Што папярэднічала
Летась у красавіку ў Чуднаве на падворку мясцовага жыхара Анатоля Прыходчанкі знайшлі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага. Спачатку яе перадалі на захаваньне ў мясцовы рыма-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга, а потым перавезьлі ў Жытомір і перадалі абласному аддзяленьню Саюзу палякаў Украіны.
У дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласьці знаходзіцца мэтрычны дакумэнт аб сьмерці Яна Баршчэўскага. Да таго дакладныя даты жыцьця пісьменьніка былі невядомыя. Знойдзены дакумэнт дапаможа ўнесьці яснасьць.
Хто такі Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.
Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая не захавалася.
Студэнцкія вакацыі часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах навакольлямі возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.
Пісаў па-польску і па-беларуску. Самыя вядомыя яго вершы, напісаныя па-беларуску, — «Дзеванька» (прысьвечаны каханай дзяўчыне з прозьвішчам Максімовіч) і «Бунт хлопаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 фактаў пра першага беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага, чыё надмагільле знайшлі ва Ўкраіне
У 1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам зь іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.
Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.
Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Юліі Жавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр Баршчэўскі ад сухотаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьцежкамі Яна Баршчэўскага. Рэпартаж з гораду, дзе знайшлі надмагільле беларускага пісьменьнікаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне знайшлі ня толькі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага, але і дакумэнты аб сьмерці