Кампанія незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заклікае кантраляваць падлік галасоў падчас прэзыдэнцкай кампаніі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Шукаем назіральнікаў, якія змогуць сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень выбараў 9 жніўня і, наколькі мага, на этапе датэрміновага галасаваньня», — гаворыцца ў Telegram-канале праваабарончага цэнтру «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па ўсёй Беларусі назіральнікам забараняюць сачыць за праверкай подпісаўУдакладняюць, што стаць назіральнікам можа кожны: і хто ўжо мае адпаведны досьвед, і для каго гэта будзе ўпершыню. Ахвотныя возьмуць удзел у навучаньні, пасьля чаго атрымаюць акрэдытацыю на ўчасткі. Актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» дапамогуць разьмеркаваць назіральнікаў на ўчасткі, зручныя для іх.
Каб стаць назіральнікам, трэба запоўніць анкету пад спасылкай.
Пры гэтым «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не аказваюць падтрымкі палітычным партыям ці кандыдатам. Мэта кампаніі — сачыць за выкананьнем міжнародных стандартаў у выбарчай галіне, зафіксаваць парушэньні і дапамагчы ўдасканаліць працэдуру выбараў на карысьць усяго грамадзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя БНФ: Склад участковых камісій не дазваляе правесьці сумленныя выбарыТым часам Управа Партыі БНФ распаўсюдзіла заяву, у якой канстатуе: склад участковых камісіяў не дазваляе правесьці сумленныя выбары, паколькі няма ніякага даверу таму, якім чынам яны фармуюцца. Адпаведна ня можа быць даверу грамадзтва да вынікаў, якія гэтыя камісіі будуць агучваць.
«Камісіі фармуюць з тых жа „правераных людзей“, як і раней»
У размове са Свабодай праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч адзначыў, што якраз завяршаецца праца над падрабязнай справаздачай аб этапе фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, яе зьмесьціць сайт цэнтру 26 чэрвеня.
Ён прызнаў, што нічога новага ў параўнаньні з папярэднімі кампаніямі не адбылося. Ва ўмовах пандэміі COVID-19 улады абвясьцілі тры формы паседжаньняў для зацьверджаньня чальцоў выбаркамаў, у тым ліку ў онлайн-рэжыме, і кожная ўмела выкарыстоўвалася, каб абмежаваць прысутнасьць непажаданых прэтэндэнтаў.
«Камісіі фармуюць з тых жа „правераных людзей“, як і раней. Для падліку галасоў традыцыйна пакідаюць прадстаўнікоў „вялікай пяцёркі“ праўладных арганізацыя: Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, „Белай Русі“, Беларускага саюзу жанчын, Беларускага саюзу вэтэранаў і БРСМ. Працэнт праходнасьць альтэрнатыўных самавылучэнцаў — на ўзроўні арытмэтычнай хібнасьці», — падкрэсьліў Валянцін Стэфановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы заявілі пра рост рэпрэсій і нагнятаньне страху падчас выбарчай кампанііПраваабаронца робіць выснову: ужо на гэтым этапе робіцца зразумела, што створаныя абмежаваньні не адпавядаюць стандартам правядзеньня дэмакратычных выбараў у канкурэнтай барацьбе.
Тым ня меней, важным этапам застаецца магчымасьць падліку галасоў падчас датэрміновага галасаваньня і ў асноўны дзень выбараў 9 жніўня. Менавіта таму «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заклікаюць праявіць прынцыповасьць і далучыцца да каманды назіральнікаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.