«Тое, што яны робяць, — дзіка». Віцябляніна аштрафавалі за «ланцуг салідарнасьці» і будуць судзіць за непадпарадкаваньне міліцыі

«Ланцуг салідарнасьці» ў Віцебску 19 чэрвеня

За ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» Аляксандра Мацеюка аштрафавалі на 945 рублёў. На судзе ён даведаўся, што на яго склалі яшчэ адзін пратакол — за непадпарадкаваньне міліцыі. Пасьля вызваленьня Аляксандар зьвярнуўся ў судмэдэкспэртызу, каб зьняць пабоі, нанесеныя яму пры затрыманьні. Слуханьне другой справы перанесьлі на некалькі дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі ў розных гарадах выйшлі на «ланцугі салідарнасьці»

Аляксандру 38. Раней ён цікавіўся палітыкай толькі ўскосна, а сёлета актыўна выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю. Аляксандар, перадусім, за перамены.

«Я ў любой групе, якая хоча годнага жыцьця», — кажа ён.

Падчас сёлетняй перадвыбарчай кампаніі Аляксандра затрымлівалі тройчы. Агулам адседзеў 13 сутак. Упершыню яго пакаралі суткамі за «кармленьне галубоў» у цэнтры Віцебску. З таго часу адчувае на сабе ўвагу сьледчых органаў. Другі раз абвінавацілі за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні 31 траўня. Кожны раз затрымлівалі дома.

Аляксандар Мацеюк кажа, што 19 чэрвеня прыйшоў да месца пікетаў каля гандлёвага цэнтру «Марка-сіці», каб паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. У акцыі ўдзельнічаць не зьбіраўся, але назіраў, як расьце «ланцуг салідарнасьці». Па яго словах, калі зьявілася міліцыя, пад’ехалі мікрааўтобусы і людзі пайшлі ў бок плошчы Перамогі, ён вярнуўся дадому.

Пікеты салідарнасьці і затрыманьні ў Менску і іншых гарадах Беларусі. Фотагалерэя

На наступны дзень Аляксандра затрымалі.

«Каля пятай гадзіны вечара пачалі ламіцца ў дзьверы кватэры. Я выйшаў з дому і папрасіў паказаць паперы, позву, пратакол. Мне сказалі, што „ўсё будзе“. Добраахвотна ісьці я адмовіўся. Тады на мяне надзелі кайданкі і пасадзілі ў машыну».

Па словах Аляксандра, яго затрымлівалі двое ў цывільным, на цывільнай машыне.

«Куды мяне павязуць? Думкі адразу розныя пачалі прыходзіць у галаву», — узгадвае суразмоўца.

Спачатку Мацеюка прывезьлі ў Чыгуначны РАУС Віцебску. Там у яго падняўся ціск, і ён запатрабаваў выклікаць хуткую дапамогу. Мэдыкі ехалі гадзіну. Паводле Аляксандра, за гэты час ён пакрысе супакойваўся і толькі тады адчуў моцны фізычны боль.

«Я быў на адрэналіне, — тлумачыць Аляксандар. — Складана прыгадваць, але, верагодна, мяне зьбівалі, калі я сядаў у машыну».

Па словах Аляксандра, санітары хуткай укалолі яму абязбольвальныя сродкі. З РАУС яго павезьлі ў траўмапункт, дзе зрабілі здымак грудзіны. Агледзелі траўматоляг і хірург. Заключэньня дактароў Аляксандар яшчэ ня бачыў. Пасьля агляду яго адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. За кратамі ён правёў двое сутак.

«Спачатку я не заяўляў, што мяне зьбівалі. Але дзякуй вялікі ўрачу — ён даў накіраваньне на зьняцьце пабояў. Каб ня гэта, я б да гэтай пары сядзеў у камэры».

Аляксандра вызвалілі ўвечары 22 чэрвеня пасьля суду, на якім ён даведаўся пра другі пратакол. Аляксандар упэўнены, што яго вырашылі скласьці, калі пры аглядзе заўважылі пабоі. А ў ізалятары трымалі на выходных, каб ад сінякоў амаль не засталося сьлядоў. У Віцебскую абласную судмэдэкспэртызу Аляксандар зьвярнуўся раніцай 23 чэрвеня. Заключэньне будзе гатовае мінімум праз тры дні. Аляксандар дамогся пераносу слуханьня справы на 29 чэрвеня.

Цяпер Аляксандар шукае сьведак свайго затрыманьня. Па яго словах, у той суботні вечар у вокны глядзелі дзясяткі тры суседзяў. Ён упэўнены, хтосьці зь іх здымаў на камэру.

Аляксандар Мацеюк кажа, што ён нічога кепскага не зрабіў, і хоча дамагчыся справядлівасьці.

«Калі гэта так пакінуць, яны такім чынам і нашых дзяцей будуць затрымліваць, — кажа ён. — Што было б з 18-гадовым хлопцам, калі б зь ім так? Гэта шакуе. Тое, што яны робяць, — дзіка. Яны мусяць нас абараняць, а не калечыць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку выбарчай кампаніі больш за 300 чалавек агулам асудзілі на 1568 сутак і 167 000 рублёў штрафаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Траўма галавы і гематома пад вокам». Пасьля затрыманьня АМАПам хлопец у свой дзень народзінаў трапіў у шпіталь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ганьба. Знаць вас не хачу пасьля гэтага», — былы міліцыянт з Ганцавічаў, дзе жорстка затрымлівалі людзей, абураны дзеяньнямі праваахоўнікаў

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.