Празь дзень пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі ягоны штаб апублікаваў відэазварот. У ім патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты заклікаў ініцыяваць рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю. А за ўзор узяць Канстытуцыю 1994 году. Свабода запыталася ў экспэртаў, наколькі рэальна рэалізаваць заклік Віктара Бабарыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка заклікаў правесьці рэфэрэндум аб вяртаньні да Канстытуцыі 1994 году. ВІДЭА«Ставіць у такіх умовах пытаньне рэфэрэндуму празьмерна»
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў лічыць прапанову Віктара Бабарыкі піяр-акцыяй, накіраванай на мабілізацыю яшчэ большай колькасьці выбарцаў і стварэньне электаральнай базы. Ён лічыць Канстытуцыю 1994 году адзінай законнай, бо рэфэрэндумы 1995, 1996 і 2004 гадоў, на ягоную думку, ня мелі юрыдычнага статусу.
«Я лічу, што рэфэрэндум магчыма праводзіць толькі пасьля таго, як будуць вядомыя вынікі выбараў. Калі будуць зьмены ў дэмакратычны бок, то трэба выносіць на рэфэрэндум іншае пытаньне — не пра вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году, а пра зьмены ў яе. Калі Бабарыка пераможа на выбарах, то дастаткова будзе прынесьці прысягу на падставе Канстытуцыі 1994 году і потым паводле яе жыць».
Пастухоў лічыць, што новаму кіраўніку дзяржавы трэба будзе ініцыяваць рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыі 1994 году і вынесьці на яго, напрыклад, такія пытаньні: зьмяншэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта, узмацненьне гарантыяў правоў і свабодаў грамадзян, адмена сьмяротнага пакараньня, увядзеньне пасады ўпаўнаважанага ў правах чалавека і гэтак далей. Цяпер, мяркуе Міхаіл Пастухоў, ня той час і ня тыя абставіны, каб ладзіць рэфэрэндум.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Бабарыка хоча вярнуць Канстытуцыю 1994 году. Коратка пра тое, чым яна адрозьніваецца ад сучаснай«Уся ўвага сканцэнтраваная на выбарах, на тым, што адзін з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі знаходзіцца за кратамі, фактычна яго вывелі з гульні, — мяркуе Пастухоў. — І ставіць у такіх умовах яшчэ пытаньне рэфэрэндуму празьмерна. Мы павінны праводзіць рэфэрэндум, калі сытуацыя ў краіне будзе больш-менш станоўчая. Думаю, гэта трэба рабіць новаму кіраўніку дзяржавы».
Былы судзьдзя дадае, што нават калі ўявіць, што рэфэрэндум можа быць арганізаваны, вырашаць пытаньне пра яго правядзеньне будуць дзейны кіраўнік дзяржавы і ЦВК:
«На мой погляд, няма надзеі на тое, што цяперашні склад ЦВК ці Лукашэнка пагодзяцца сказаць, што ён ня мае больш улады згодна з Канстытуцыяй 1994 году».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адчуваю сябе абражаным», — лідэр J:Морс падтрымаў прапанаваны Бабарыкам рэфэрэндум
«Гэта дзіцячыя пацешкі»
Юрыст Гары Паганяйла ўдзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі Беларусі 1994 году. Паганяйла лічыць, што варыянт рэфэрэндуму быў бы добрым у якасьці прамежкавага. Але, кажа ён, каб гэта зьдзейсьніць, патрэбны найперш дэмакратычна абраны парлямэнт, які б прызнаў рэфэрэндум 1996 году неканстытуцыйным.
«І тады мы аўтаматычна вярнуліся б да Канстытуцыі 1994 году. Але ў сёньняшніх умовах казаць пра гэта як пра лёгіку „што я зраблю, калі буду абраны прэзыдэнтам“, — крыху папулізм, крыху заўчасна. Я лічу, што сёньня ўсе сілы трэба кінуць на тое, каб зьмяніць уладу. А ўжо потым новы ўрад, новы склад парлямэнту, новы прэзыдэнт маглі б абмеркаваць, што неабходна тэрмінова зьмяняць. Я як юрыст і дэмакратычна настроены чалавек падтрымліваю вяртаньне Канстытуцыі 1994 году. Але праводзіць цяпер рэфэрэндум, вялікія арганізацыйныя, матэрыяльныя сілы траціць на тое, каб гэтым займацца, ня маючы ў руках рэальнай улады, — гэта дзіцячыя пацешкі».
Ён мяркуе, што кандыдаты ў прэзыдэнты, якіх зарэгіструюць, могуць прапаноўваць варыянты правядзеньня рэфэрэндуму ў сваіх праграмах: «Але прапаноўваць у рэальным выглядзе, пры якім можна было б гэта зрабіць нашмат хутчэй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ініцыятыўную групу канстытуцыйнага рэфэрэндуму, прапанаванага Бабарыкам, запісалася больш за 7500 чалавекГары Паганяйла нагадвае, што рэальная ўлада ў руках дзейнага кіраўніка дзяржавы.
«І сыстэма ўлады, якую ён стварыў у Беларусі, можа абрынуцца толькі з падзеньнем самога Лукашэнкі. Толькі тады можна было б праводзіць нейкія рэформы».
Паганяйла, як і Пастухоў, ня верыць, што ўлады Беларусі дазволяць правесьці рэфэрэндум.
«Для гэтага трэба, каб у руках тых, хто арганізуе, былі выбарчыя камісіі, пачынаючы ад Цэнтральнай і заканчваючы ўчастковымі. Для гэтага патрэбныя СМІ, якія будуць працаваць на гэтую ідэю. Патрэбныя прадстаўнікі ўлады на месцах, якія б дапамаглі грамадзянам асэнсаваць усю неабходнасьць вяртаньня Канстытуцыі. А так добрую, сьветлую ідэю з нуля можна проста загубіць».