Удзельнікі папулярнага дуэту Naviband Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка прэзэнтавалі ў Telegram песьню пад назвай «Іншымі». Яна прысьвечана апошнім падзеям у Беларусі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Мы любім нашу краіну, сьпяваем на роднай мове і шчыра верым у сьвятло, сілу і дабро нашых людзей, незалежна ад іх поглядаў!», — напісалі музыкі ў сваім Інстаграме.
Ксенія і Арцём гадуюць сына Мацея. Яму крыху больш за два гады, але бацькам усё складаней адказаць на пэўныя нязручныя пытаньні хлопчыка.
«Ён ведае практычна ўвесь транспарт у горадзе, якога ён колеру і куды можа ехаць. „Хуткая“ ратуе людзей, экскаватар капае яму, кран будуе дом. Але мы ня ведаем, як растлумачыць дзіцяці, што робіць „вялікая зялёная машына“, якіх у горадзе ўсё больш. А цяпер яшчэ і навіна аб затрыманьні людзей, якія проста стаялі ў чарзе ў краму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адчуваю сябе абражаным», — лідэр J:Морс падтрымаў прапанаваны Бабарыкам рэфэрэндумМузыкі кажуць, што не зьбіраліся выказвацца, бо прывыклі ісьці па жыцьці, робячы сваю справу бязь лішніх словаў. Замест гэтага выпусьцілі ў Telegram-канале песьню «Іншымі», у якой «кожнае слова адлюстроўвае тое, што цяпер адбываецца навокал».
«У нас не ўкладаецца ў галаве жорсткасьць і гвалт да звычайных людзей. Нам робіцца страшна. Маўчаць ўжо немагчыма! Мы прачнемся іншымі!», — падсумавалі ўдзельнікі гурту Naviband Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як такое магчыма ў эўрапейскай краіне?» Былы кіраўнік «Альфа Радыё» пра выбары з пазыцыі сілыПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.