Вядомы беларускі лыжнік, удзельнік сямі Алімпійскіх гульняў, пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету Сяргей Далідовіч у размове з «Трыбунай» выказаўся пра рэпрэсіі, якія ўлада распачала супраць палітычных апанэнтаў.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Тое, што зараз адбываецца, мне ня вельмі падабаецца. Хачу, каб пайшоў, прагаласаваў — і мой голас быў улічаны. Вядома, сытуацыя выклікае апасеньні. Я заўсёды казаў, што хачу пераменаў, але не хачу, каб яны прайшлі сілавым шляхам», — адзначыў Сяргей Далідовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Легкаатлетка Надзея Астапчук: «Палітычнае балота нарэшце пачало прачынацца»Таксама ён расказаў, як ставіцца да затрыманьняў апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.
«Я хачу, каб яны былі пачутыя, — заявіў спартовец. — Мяне напружвае, чаму Бабарыку, калі ён такі вінаваты, не затрымалі раней, а менавіта цяпер? Я зь ім раней не перасякаўся. Дакладней, у тым годзе паклікалі выступіць — і ён таксама выступаў.
Мне чалавек імпануе: яго ўсьмешка, адкрытасьць. Гэта значыць візуальна ён у мяне выклікае давер. Ёсьць такое, калі ты глядзіш на чалавека: ці прыняць, ці не прыняць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баскетбаліст зборнай Беларусі: Аляксандар Рыгоравіч — вы ня мой прэзыдэнтБылы спартовец выказаў спадзяваньне, што пасьля «праверкі» Віктар Бабарыка вернецца ў гонку, атрымаўшы статус кандыдата ў прэзыдэнты.
Паводле Сяргея Далідовіча, ён і сам быў гатовы далучыцца да ўдзельнікаў менскага ланцуга салідарнасьці на мінулым тыдні, але стрымала, што акцыя недазволеная, маглі быць наступствы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат пра Бабарыку і абвінавачаньне: я задаволены, чакаю не дачакаюся, калі агучаць афіцыйна«Нельга затрымліваць толькі за тое, што тваё бачаньне сьвету адрозьніваецца ад іншага, — сказаў ён. — Мне вельмі спадабаўся арганізаваны „ланцуг салідарнасьці“. І каб акцыя была дазволеная, абавязкова б выйшаў і ў пастаяў у тым „ланцугу“...
Самае страшнае, што можа зараз адбыцца, гэта раскол у грамадзтве, каб не пайшоў брат на брата. Вось гэтага рэальна баюся...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Траўма галавы, ноч пад дажджом. Разам зь юрыстам разьбіраемся, як паводзіць сябе затрыманымПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.