23 чэрвеня ў Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі стыхійных «ланцугоў салідарнасьці». Міліцыя працягвае складаць новыя пратаколы на ўдзельнікаў акцый, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Напярэдадні 22 чэрвеня больш за 70 чалавек агулам атрымалі 44 тысячы рублёў штрафаў і 77 сутак арышту на ўсіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 45 тысяч рублёў штрафаў, 77 сутак арышту. Суды за «ланцугі салідарнасьці» 22 чэрвеняСудзяць паводле артыкулаў за «несанкцыянаванае мерапрыемства» або «непадпарадкаваньне міліцыі».
Дубровенскі раённы суд (Віцебская вобласьць) 23 чэрвеня пакараў Міхаіла Чамураку, актывіста Абя'днанай грамадзянскай партыі і сябра ініцыятыўнай групы вылучэнца на прэзыдэнцтва Мікалая Казлова, адміністрацыйным арыштам на 13 сутак. Яго прызналі вінаватым у парушэньні парадку правядзеньне масавага мерапрыемства, учыненага паўторна цягам году (3 частка артыкулу 23.34). Адбываць пакараньне яго завезьлі ў Аршанскі ізалятар часовага ўтрыманьня.
Як паведаміла Свабодзе ягоная жонка Людміла, фармальнай падставай для адміністрацыйнай справы стаў удзел мужа ў «ланцугу салідарнасьці», які ладзілі ў Воршы 19 чэрвеня, а таксама допісы ў Тэлеграм-канале «Орша для Жизни». Жанчына настойвае, што яна зь Міхаілам і дачкой вярталіся ў той дзень зь Менску ды спыніліся непадалёк ад «пікету», дзе мужа пасьпелі сфатаграфаваць міліцыянты. Фота сталі доказамі віны.
Таксама вядомыя выракі:
- Валеры Чурак — штраф 162 рублі (Ганцавічы, судзьдзя Уладзімер Космач).
- Аляксей Прохараў — штраф 1080 рублёў (Віцебск, затрымаў АМАП увечары 22 чэрвеня па дарозе з суду над Аленай Янушкоўскай, судзілі праз скайп).
- Т. Філімонава — штраф 270 рублёў (Віцебск). 22 чэрвеня справу адправілі на дапрацоўку праз відэа дзе Філімонава проста стаіць і нічога не робіць.
Чакаюць прысудаў:
- Алег Аляшкевіч (Наваградак, судзяць паводле арт. 23.4 КаАП «непадпарадкаваньне міліцыі»),
- Андрэй Акупінскі (Наваградак, арт. 23.4 КаАП),
- Сяргей Казак (Наваградак, арт. 23.4 КаАП),
- Аляксандр Камісараў (Наваградак, арт. 23.4 КаАП),
- Сяргей Сечка (Наваградак, арт. 23.4 КаАП),
- Алена Сечка (Наваградак, арт. 23.4 КаАП).
Таксама вядома, што міліцыя склала пратаколы на 5 чалавек у Слоніме, якія гулялі па горадзе ўвечары ў суботу, суды пройдуць 24 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дапамагчы аштрафаваным за «ланцугі салідарнасьці». Тлумачаць Матолька і СтрыжакПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.