Аляксандар Лукашэнка 23 чэрвеня сустрэўся з жыхарамі Берасьця. Ён паабяцаў рэфэрэндум наконт лёсу акумулятарнага заводу, а таксама згадаў, як трэнэр ягонай хакейнай каманды і генэральны дырэктар менскага хакейнага клюбу «Дынама» Дзьмітры Баскаў стаў уладальнікам таго заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка згадаў, што яго называюць «Саша 3%» і «вусаты таракан». ВІДЭАКадры тлумачэньняў Лукашэнкі паказаў дзяржаўны тэлеканал СТВ:
«Але калі гэтае пытаньне паўстала (незадаволенасьці берасьцейцаў заводам. — РС), і „губэрнатару“ кажу, і гэтым новым гаспадарам, якія са мной у хакей не гуляюць. Тое, што Баскаў там зьяўляецца трэнэрам каманды — дык вы ж ня ведаеце, як Баскаў туды трапіў.
Ён прыйшоў з гэтым чалавекам... Калісьці ў Гішпаніі жыве або жыў, вось зараз пандэмія выкінула адтуль. „Хачу заводы“. Госпад з табой. 26 мільёнаў стратаў, не пачаўшы працаваць. Навошта? Я кажу: не разумею, навошта? І Баскаў тут: вось ён такі добры і іншае. Я кажу: вось удвох ідзіце.
Вось была размова якая. Я вам шчыра прызнаю. А Баскаў жыве каля заводу, сям’я яго жыве і яго дзеткі там. Гэта я кажу: вось ты ідзі зь ім і галаву закладвай за яго. Але майце на ўвазе: завод павінен быць, калі берасьцейцы пагодзяцца. Ідзіце зь імі і дамаўляйцеся. Яны мусілі да вас прыехаць. Ідзіце зь імі дамаўляйцеся. Дамовіцеся, і я вас буду падтрымліваць. Нам патрэбныя акумулятары».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар хакейнага «Дынама»: «Выказацца супраць дзяржавы — гэта як выказацца супраць роднай маці»100% доляў у статутным фондзе акумулятарнага заводу iPower 22 траўня прадалі ТАА «Акумулятарны альянс».
У Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў пра «Акумулятарны альянс» значыцца, што пры статутным фондзе ў 6,7 млн рублёў 85% кампаніі належыць Сяргею Кагановічу, 15% — Дзьмітрыю Баскаву.
Кагановіч — намесьнік дырэктара кампаніі «Сем узгоркаў Бел», якая займаецца вытворчасьцю розных відаў упакоўкі, продажам складавай і дарожнай тэхнікі, лягістычнымі тэрміналамі. Кагановіч браў удзел у хакейных спаборніцтвах з удзелам каманды Аляксандра Лукашэнкі.
Кагановіч і Баскаў уваходзяць у раду дырэктараў «БСБ Банку».
Былога ўладальніка iPower Віктара Лемяшэўскага мінулым летам затрымлівалі, вінавацілі паводле артыкулаў 430 і 431 КК Беларусі — даваньне і атрыманьне хабару. У апошнія дні 2019 году яго адпусьцілі з-пад варты. Пасьля пра ягоны лёс нічога не паведамлялі — стала вядома толькі пра таямнічы судовы працэс, які можа быць зь ім зьвязаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паабяцаў правесьці ў Берасьці рэфэрэндумПратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.