У Вашынгтоне спрабавалі зруйнаваць помнік паблізу Белага дому. Трамп пагражае за вандалізм турмой

Помнік Эндру Джэксану ў Вашынгтоне

У Вашынгтоне ўвечары 22 чэрвеня адбыліся новыя хваляваньні​ каля Белага дома, дзе ўдзельнікі акцыі супраць расавай дыскрымінацыі паспрабавалі зьнесьці помнік 7-му прэзыдэнту ЗША і заснавальніку Дэмакратычнай партыі Эндру Джэксану ў парку Лафает.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы ў ЗША зьнесьлі помнікі Хрыстафору Калюмбу і Джэфэрсану Дэйвісу

На п’едэстале коннай статуі пратэстоўцы напісалі словы «забойца» і «падонак». Спрабуючы зваліць помнік, яны прывязалі да яго вяроўкі. Паводле інфармацыі Reuters, супрацоўнікам сілаў бясьпекі удалося не дапусьціць абвалу помніка. Аднак агароджа і гарматы вакол манумэнту пашкоджаныя. Паведамляюць таксама, што маніфэстанты сапсавалі вонкавы выгляд царквы Сьвятога Яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У барацьбе з расізмам ахвярамі становяцца помнікі

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў у Твітэры аб некалькіх затрыманых у парку Лафает. Тое, што адбылося, ён назваў «ганебным актам вандалізму». «10 гадоў турмы паводле Акту аб захаваньні мэмарыялаў вэтэранам. Майце на ўвазе», — напісаў кіраўнік Белага дому.

Масавыя акцыі пратэсту пад лёзунгам «Жыцьці чарнаскурых маюць значэньне!» пачаліся пасьля гібелі ў траўні ў выніку затрыманьня паліцыянтамі афраамэрыканца Джорджа Флойда. Адзін з супрацоўнікаў паліцыі ціснуў яму каленам на шыю цягам прыблізна дзевяці хвілін. Пасьля Флойд памёр у шпіталі. Яго былі затрымалі, бо западозрылі ў выкарыстаньні фальшывай купюры.

У ЗША руйнуюць помнікі гістарычным асобам за іх колішні расізм. Шмат ФОТА

Большасьць выступленьняў праходзіць мірна, але некаторыя перарастаюць у сутычкі з паліцыяй, суправаджаюцца рабаваньнямі і вандалізмам. За час акцыяў пратэстоўцы зьнесьлі некалькі помнікаў, якія, на іхную думку, асацыююцца з услаўленьнем расізму і прыгнёту, а таксама рабаўладальнікаў.