Упершыню за ўсю гісторыю кіраваньня Лукашэнкі электаральны расклад — хто за каго з кандыдатаў прагаласуе — можа мець значэньне, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, аналізуючы першы этап выбарчай кампаніі.
Сьцісла:
- Вялікая цікавасьць да выбараў паспрыяла таму, што адразу сем прэтэндэнтаў здалі ў выбарчыя камісіі больш за 100 тысяч подпісаў.
- Пытаньне, каго зарэгіструюць, улады будуць вырашаць не на прававым грунце, а з гледзішча палітычнай мэтазгоднасьці.
- Здаецца, самае лягічнае з гледзішча ўладаў рашэньне — зарэгістраваць усіх, каб галасы пратэставага электарату расьцерушыліся паміж апанэнтамі Лукашэнкі.
- Аднак, калі кандыдатаў будзе шмат, яны могуць забраць галасы ня толькі ў Бабарыкі, але і ў Лукашэнкі.
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, больш за 100 тысяч подпісаў здалі ў выбаркамы сем прэтэндэнтаў на пасаду кандыдата ў прэзыдэнты: Аляксандар Лукашэнка, Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Ганна Канапацкая, Андрэй Дзьмітрыеў, Сяргей Чэрачань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына: У выбарах працягваюць удзел 7 чалавек, у тым ліку БабарыкаХто з прэтэндэнтаў колькі сабраў, пакуль невядома. Можна толькі спасылацца на інфармацыю з штабоў кандыдатаў. Паводле іх, у падтрымку Лукашэнкі сабралі каля 2 млн подпісаў, Бабарыкі — 434 тысячы, Цапкалы — 200 тысяч подпісаў. Ва ўсіх астатніх, як можна меркаваць, колькасьць подпісаў ледзь перавышае 100 тысяч.
Варта адзначыць, што ня спраўдзіліся ўсе прагнозы наконт таго, хто зможа сабраць неабходную колькасьць подпісаў. З досьведу папярэдніх выбараў рабіліся высновы, што плянку ў 100 тысяч могуць пераадолець толькі тыя палітыкі, чые ініцыятыўныя групы налічваюць ня менш як 3 тысячы чальцоў. Хачу нагадаць, што пасьля правалу кампаніі 2015 году Лідзія Ярмошына нават выступіла з прапановай панізіць плянку да 70 тысяч подпісаў.
І вось цяпер высьветлілася, што рашэньне праблемы палягае зусім у іншай плашчыні. Варта было вярнуць цікавасьць да прэзыдэнцкіх выбараў, пасеяць надзею на магчымасьць перамен, зьмены ўлады, як народ па ўсёй краіне выстройваўся ў чэргі, каб падпісацца ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў. Высьветлілася, што нават з малой ініцыятыўнай групай, як у Сьвятланы Ціханоўскай (спачатку налічвала звыш 200 чалавек, а пасьля рэпрэсій скарацілася да 100), але пры шалёнай папулярнасьці яе мужа Сяргея, неабходную колькасьць галасоў сабраць можна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні дзень збору подпісаў на выбарах у Беларусі — 19 чэрвеня. Што чакаецца далейЯшчэ адна заўвага. Сярод назіральнікаў выказваліся сумненьні наконт таго, што некаторыя кандыдаты, напрыклад, Канапацкая, Чэрачань, сапраўды сабралі 100 тысяч подпісаў. Бо вядома, што сабраць і здаць — гэта розныя рэчы.
Цяпер самае галоўнае пытаньне ў тым, каго зарэгіструюць. Усім відавочна, што гэтае пытаньне ўлады будуць вырашаць не на прававым грунце, а з гледзішча палітычнай мэтазгоднасьці. І асноўная загадка: ці зарэгіструюць Віктара Бабарыку?
Здаецца, самае лягічнае з гледзішча ўладаў рашэньне — зарэгістраваць усіх сем кандыдатаў, незалежна ад таго, якой якасьці ў іх подпісы. У такім выпадку галасы пратэставага электарату расьцярушваюцца, паміж усімі апанэнтамі Лукашэнкі, і кіраўнік дзяржавы будзе мець не такі нізкі вынік у параўнаньні з Бабарыкам, чым калі б яны засталіся адзін з адным сам-насам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнемАднак ня ўсё так проста. Па-першае, зьявіўся відавочны лідэр перадвыбарчай гонкі. Гэта Віктар Бабарыка. Фактычна на ім вісіць брэнд «Адзіны кандыдат». Якраз у пошуках яго беларускія дэмакраты затрацілі шмат гадоў і высілкаў. Тут ён зьявіўся сам, спантанна, без усялякіх «праймэрыз». А калі ёсьць фаварыт, то, па законах сацыялёгіі, ён забірае асноўную, львіную долю галасоў пратэставага электарату.
Па-другое, гэта можа падацца дзіўным, але калі кандыдатаў будзе шмат, яны могуць забраць галасы ня толькі ў Бабарыкі, але і ў Лукашэнкі. Бо існуе пэўная частка электарату, якая лічыць Бабарыку расейскім агентам. І паўстаўшы перад выбарам — Лукашэнка ці Бабарыка — яны могуць падтрымаць дзейнага кіраўніка, бо, маўляў, ён жа адстойвае незалежнасьць краіны. А вось калі кандыдатаў будзе шмат, то гэтыя людзі могуць прагаласаваць за некага іншага, а не за Лукашэнку.
Вядома, шмат хто можа сказаць — пры чым тут усе гэтыя развагі пра варыянты галасаваньня, калі галасы ў Беларусі ня лічаць? Але справа ў тым, што ўпершыню за ўсю гісторыю кіраваньня Лукашэнкі гэты электаральны расклад можа мець значэньне.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.