Узаемнае прызнаньне візаў з Расеяй не касуе беларускі бязьвіз для грамадзянаў 74 краінаў

Аэрапорт Менск-2

Пра гэта паведаміў МЗС Беларусі ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

На пытаньне грамадзкага дзеяча Алеся Чайчыца, ці скасоўвае новае візавае пагадненьне з РФ бязьвіз для грамадзянаў краінаў ЭЗ, быў дадзены адказ: «30-дзённы бязьвізавы рэжым уезду праз пункт пропуску Нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 74 краін захоўваецца».

Таксама сытуацыю патлумачыў Свабодзе Валер Варанецкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі: «Беларускi бязьвiз — гэта нашая нацыянальная справа, якая ня мае дачыненьня да рэжыму прызнаньня вiзаў з РФ. Таму па нашым бязьвiзе людзi могуць прыехаць толькi да нас».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам зноў давядзецца плаціць за літоўскія візы — 60 эўра

Пазьней сёньня мы атрымалі афіцыйнае тлумачэньне прэсавага сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза:

«Пагадненьне ніякім чынам не ўплывае на дзеючы ў цяперашні час рэжым бязьвізавага ўезду на тэрыторыю Беларусі для грамадзян шэрагу замежных дзяржаў. Больш за тое, гэтая тэма не зьяўляецца прадметам рэгуляваньня названай дамовы. Бязьвізавы ўезд на тэрыторыю нашай краіны праз Нацыянальны аэрапорт „Менск“ і бязьвізавую тэрыторыю „Берасьце“ — гэта кампэтэнцыя выключна нацыянальнага заканадаўства.

Папросту кажучы, галоўны зьмест дакумэнту палягае ў тым, што пасьля ўступленьня яго ў моц замежныя грамадзяне змогуць наведваць Беларусь пры наяўнасьці расейскай візы, і наадварот — наведаць Расею пры наяўнасьці беларускай візы.

Пры гэтым, заехаўшы ў Беларусь з выкарыстаньнем нацыянальнага бязьвізавага рэжыму, іншаземец пры адсутнасьці беларускай або расейскай візы ня зможа ўехаць у Расею.

Анатоль Глаз

Аднак Пагадненьнем рэгулююцца сытуацыі, калі ўезд на тэрыторыю аднаго з бакоў ажыцьцяўляецца ў бязьвізавым рэжыме на падставе міжнароднай дамовы, а на тэрыторыю другога – у візавым рэжыме. У такіх выпадках уезд на тэрыторыю дзяржавы зь візавым рэжымам ажыцьцяўляецца пры наяўнасьці адпаведнай візы.

Напрыклад, грамадзянін Кітаю, які прыбыў у Беларусь у бязьвізавым рэжыме ў адпаведнасьці з пагадненьнем паміж Беларусьсю і Кітаем, зможа ўехаць на тэрыторыю Расеі пры наяўнасьці ў яго расейскай візы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэнгенскія візы маюць каштаваць 35 эўра ўжо з 1 ліпеня

Пры гэтым адзначаем, што Пагадненьне яшчэ не набыло моц.

Згодна з устаноўленым у дакумэнце парадкам гэта адбудзецца толькі пасьля заканчэньня 30 дзён з даты атрыманьня апошняга пісьмовага паведамленьня аб выкананьні бакамі ўнутрыдзяржаўных працэдур.

Напрыклад, для беларускага боку ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ўключаюць прыняцьце Нацыянальным сходам адпаведнага Закону аб ратыфікацыі Пагадненьня».