Падчас наведваньня Сьветлагорску 21 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка ў размове зь мясцовымі жыхарамі заклікаў іх «ні ў якім разе не сядзець на канапе» і «дыхаць», каб не было атрафіі лёгкіх і не атакаваў каранавірус.
«Бяда, мне нават сорамна пра гэта казаць: хварэюць калі людзі, то мы іх вучым у лякарні дыхаць. Чаму вучым? Таму што руху мала: абленаваліся ўжо — гэта ня тое, што раней. У Сьветлагорску яшчэ, можа, варушацца, а ў Менску — праблема», — сказаў Лукашэнка ў эфіры АНТ.
Паводле яго, усе праблемы ў беларусаў цяпер — ад недахопу фізычных нагрузак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі»«Жывот адгадаваў, цукровы дыябэт, і пайшло-паехала. Гэта ж запаленьне лёгкіх і вірус гэты, калі цябе прыхапіў гэты. Мы ж бачым, што трэба, каб лёгкія былі разьвітыя, дыхаць. Хто спартыўны — той пераносіць хутка», — сказаў Лукашэнка пра хворых на каранавірус.
«Ня будзеце займацца, ня будзеце дыхаць — атрафія лёгкіх, і гэта ўжо ён (каранавірус. — РС) атакуе», — падсумаваў Лукашэнка.
Раней Аляксандар Лукашэнка ня раз даваў сумнеўныя рэкамэндацыі наконт барацьбы з каранавірусам COVID-19: прапаноўваў «лячэньне» трактарам, алькаголем, хакеем, маслам, лазьняй, козачкамі і іншым. Ён таксама неаднаразова разважаў, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, а проста каранавірус дае «атмасфэру, у якой разьвіваюцца хранічныя хваробы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра «каранавірусны псыхоз»: у лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аблянелі» і яшчэ 30 цытатаў Лукашэнкі з пасланьня народуШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.