У Браслаўскім раёне за месяц хворых на COVID-19 паболела ўтрая. Увялі масачны рэжым

Ілюстрацыйнае фота

У Браслаўскім раёне, паводле зьвестак на 17 чэрвеня, ужо 89 выпадкаў COVID-19, паведамляе «Браслаўская звязда». З 25 траўня колькасьць выпадкаў захворваньня вырасла больш чым утрая.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

На 17 чэрвеня ў Браслаўскім раёне зарэгістравана 89 выпадкаў інфікаваньня каранавірусам. Ачунялі 45 пацыентаў, так што актыўных выпадкаў 44.

Амаль месяц таму, 25 траўня, у рэгіёне было зафіксавана 29 выпадкаў COVID-19, за гэты час іх колькасьць вырасла больш чым у 3 разы. Колькасьць актыўных выпадкаў таксама павялічылася амаль утрая — з 15 да 44.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Браслаўскім раёне ўвялі абавязковы масачны рэжым

12 чэрвеня ў Браслаўскім раёне ўвялі дадатковыя захады прафіляктыкі і зьніжэньня пашырэньня вострых рэсьпіраторных інфэкцыяў, у тым ліку выкліканых COVID-19. Сярод іншага, жыхары раёну мусяць насіць маскі ў крамах, аптэках, аддзяленьнях банкаў, сувязі, пошты, у транспарце і іншых шматлюдных месцах.

Абавязковы масачны рэжым увялі таксама ў Бабруйску, Бялыніцкім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласьці.

26 траўня абавязковы масачны рэжым таксама ўводзілі ў Івейскім раёне Гарадзенскай вобласьці, але празь дзень маскі зноў сталі толькі рэкамэндацыяй.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ