Былая прэс-сакратарка ОНТ Тацяна Курбат рэзка выказалася пра сытуацыю ў Беларусі. Пра гэта яна расказала ў сваім акаўнце ў Instagram.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Тацяна Курбат прыгадала, як у 2010 годзе з ОНТ звольнілі Сяргея Дарафеева, якія дазволіў сабе задаваць нязручныя пытаньні Лідзіі Ярмошынай увечары 19 сьнежня. Тады Ярмошына пакінула студыю.
«У 2010 годзе, у год чарговых выбараў, я была прэс-сакратаром тэлеканала ОНТ. Упэўнена, хтосьці памятае выпуск праграмы «Выбар», калі Сяргея Дарафеева звольнілі амаль у жывым эфіры. Бо адышоў ад узгодненага сцэнара і ня змог стрымаць свайго абурэньня і грамадзянскай пазыцыю. Праз што галоўная ў падліку галасоў проста выбегла з студыі. А дагэтуль цэлы год «нас гулялі» ў дэмакратыю і свабоду слова. Дазвалялі мачыць чыноўнікаў у эфіры і задаваць ім нязручныя пытаньні, прыдумлялі правакацыйныя шоу, каб жартаваць з палітыкаў, стваралі ілюзію сумленнасьці і неперадузятасьці. Мы ўсе падмануліся. Мне было 23. І я, да свайго сораму, мала што разумела ў тым, што адбываецца», — піша Тацяна Курбат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая журналістка дзяржаўных каналаў: Мне сорамна. Я абавязана ў кожнага з вас папрасіць прабачэньняЯна прыгадвае, што пасьля тых падзеяў звольнілася не адразу, бо было страшна страціць «працу, чаргу на ільготнае жыльлё», але пасьля звальненьня ёй «адразу стала лягчэй», а жыцьцё «не пагоршылася».
«З горыччу і болем гляджу на тое, што адбываецца ў эфіры беларускай тэлевізіі цяпер. І некалькі разоў на дзень літаральна крычу ў слухаўку маме і бабулі: „Гэта няпраўда!!! Слухайце мяне, а не БТ!!!“ А яшчэ навучыла іх глядзець правільны інтэрнэт і ДУМАЦЬ»,— напісала журналістка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 100 чалавек затрымалі ў «ланцугу салідарнасьці» па ўсёй Беларусі. СьпісУ інстаграме Тацяны Курбат ёсьць фатаздымак з знакам кампаніі аднаго з прэтэндэнтаў на кандыдацтва ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Яна запісалася назіральніцай на выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як такое магчыма ў эўрапейскай краіне?» Былы кіраўнік «Альфа Радыё» пра выбары з пазыцыі сілыПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.