Расея павінна спыніць перасьлед грамадзянаў у анэксаваным Крыме, заявіў дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо.
«Расея мусіць спыніць свае рэпрэсіі супраць тых, хто ў апазыцыі да акупацыі, вызваліць несправядліва зьняволеных украінцаў і вярнуць Украіне поўны кантроль над паўвостравам. Крым – гэта Ўкраіна », – заявіў Пампэо.
Акупацыя і анэксія Крыму Расеяй
У лютым 2014 году ў Крыме зьявіліся ўзброеныя людзі ў форме без ідэнтыфікацыі, якія захапілі будынак Вярхоўнай Рады Крыму, аэрапорт Сімферопаль, Керчанскую паромную пераправу, іншыя стратэгічныя аб'екты, а таксама заблякавалі дзеяньні ўкраінскіх войскаў. Расейскія ўлады перш адмаўляліся прызнаваць, што гэтыя ўзброеныя людзі – вайскоўцы расейскай арміі. Пазьней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызнаўся, што гэта расейскія вайскоўцы.
16 сакавіка 2014 г. на тэрыторыі Крыму і Севастопалю адбыўся не прызнаны большасьцю краін сьвету «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, на падставе якога Расея ўключыла Крым у свой склад.
Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі. Заходнія дзяржавы ўвялі эканамічныя санкцыі.
Расея адмаўляе анэксію паўвострава і называе яе «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».
Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку часовай акупацыі Крыму і Севастопалю Расеяй 20 лютага 2014 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анлайн-сустрэчы Рады Бясьпекі ААН па Крыме прынялі ўдзел прадстаўнікі Эўразьвязу. Украіна і ЗША адмовіліся