Ксенія Бахар, жонка паўабаронцы футбольнага клюбу «Дынама Менск» і зборнай Беларусі Івана Бахара, эмацыйна выказалася пра сытуацыю ў Беларусі ў сваім Instagram.
«Агідна глядзець на тое, што адбываецца ў краіне, — піша яна. — Але ня страшна. Ужо ня страшна. Бо нас шмат, усе бачаць і разумеюць падтрымку адзін аднаго. Такога яшчэ не было ніколі, але проста пакаленьне вырасла. Адважнае пакаленьне. Краіна для народу, а не народ для краіны. Мы пераможам».
Як адзначае «Трыбуна», у «гісторыях» (stories) свайго інстаграму яна выказвалася яшчэ больш радыкальна. У пятніцу яна выходзіла на «ланцуг салідарнасьці» ў Менску, у суботу ўжо падала дакумэнты на ўдзел у выбарчай камісіі, каб «самой справядліва лічыць галасы».
Пасьля затрыманьняў на «ланцугу салідарнасьці» яна пісала ў «гісторыях»:
«Растлумачце, калі ласка, як вы давялі краіну да такога? Сярод дня ВЫКРАДАЮЦЬ людзей, якія проста шпацыруюць па цэнтры гораду. Якія проста купляюць сабе каву. Якія проста стаяць у чарзе. ЯК усе глядзяць на гэта спакойна? Хай мяне расстраляюць, хай мяне пасадзяць. Я не хачу жыць у такой краіне».
Ейны муж Іван Бахар не рабіў падобных публікацыяў, не камэнтаваў ейны допіс. Але, мяркуе «Трыбуна», мог падтрымаць жонку: на фота подпісаў за вылучэньне Ксеніі ў выбарчую камісію відаць, што адзін з падпісантаў мае такую ж дату нараджэньня, як футбаліст «Дынама».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта нейкае сярэднявечча». Папулярны рэпэр Бакей выказаўся пра затрыманьні ў Беларусі