У відэазвароце, апублікаваным выбарчым штабам Віктара Бабарыкі празь дзень пасьля яго затрыманьня, патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты зьвяртаецца да беларусаў і прапануе ініцыяваць рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі Беларусі — вяртаньні вэрсіі асноўнага закону, прынятай у 1994 годзе.
«Пасьля гэтага месяца я лічу, што гэта не абавязкова роля прэзыдэнта, — сказаў Віктар Бабарыка ў відэазвароце. — Я хачу абвясьціць новую ініцыятыву, і я вельмі цешуся, што вы мяне ў гэтым падтрымаеце. Я прапаную правесьці агульнарэспубліканскі рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі і паспрабаваць яе вярнуць, узяўшы за ўзор Канстытуцыю 1994 году. Дзе ўжо было прадугледжана і абмежаваньне прэзыдэнцкіх тэрмінаў, і падзел трох галін улады, і самае галоўнае — было права народу на вызначэньне свайго лёсу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка заявіў, што на пасадзе прэзыдэнта найперш вярнуў бы Канстытуцыю 1994 годуКанстытуцыя 1994 году набыла свой сучасны выгляд пасьля трох рэфэрэндумаў, ініцыяваных кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. Згадаем асноўныя зьмены:
• расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, роўны зь беларускаю (1995); у Канстытуцыі 1994 году беларуская мова была адзінай дзяржаўнай;
• нацыянальная сымболіка, герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг, замененыя на мадыфікаваную савецкую дзяржаўную сымболіку(1995);
• кіраўнік дзяржавы атрымаў права распусьціць парлямэнт у выпадку „грубага або сыстэматычнага парушэньня Канстытуцыі“ (1995), у першай вэрсіі Канстытуцыі Беларусі прэзыдэнт такога права ня меў;
• істотна пашырыліся паўнамоцтвы прэзыдэнта (1996), Беларусь з парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі ператваралася ў прэзыдэнцкую;
• Дзень незалежнасьці перанесьлі на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску саветамі ад нацыстаў у часе Другой сусьветнай вайны (1996), паводле Канстытуцыі 1994 году ён сьвяткаваўся 27 ліпеня — дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце;
• скасаваны пункт, які абмяжоўваў знаходжаньне прэзыдэнта на пасадзе двума тэрмінамі (2004).
Для ініцыяваньня рэфэрэндуму неабходна стварыць ініцыятыўную групу зь мінімум 100 чалавек з розных рэгіёнаў краіны. Пасьля гэтага яны на працягу двух месяцаў павінны сабраць мінімум 450 тысяч подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму. Працэдурай іх праверкі паводле заканадаўства займаецца ЦВК. Дазвол на правядзеньне рэфэрэндумаў у Беларусі дае кіраўнік дзяржавы.