Актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная пры падтрымцы Асамблеі недзяржаўных арганізацый ініцыявалі кампанію #СЗЧ100 да сотага юбілею Слуцкага паўстаньня супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Юбілей будзе адзначацца сёлета ў лістападзе. Аліна Нагорная распавяда Свабодзе пра кампанію і рэакцыю на яе ініцыятывы.
У канцы лістапада 1920 году ў раёне Слуцку пачалося збройнае паўстаньне з мэтай аднавіць незалежнасьць Беларусі, вядомае як Слуцкі збройны чын. Саветы разьбілі паўстаньне ў сярэдзіне сьнежня, але ад 1980-х гадоў беларусы адзначаюць 27 лістапада як Дзень герояў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Француская гісторыя Лявона Рыдлеўскага, слуцкага паўстанца і партызана макíАфіцыйна гадавіна Слуцкага збройнага чыну не адзначаецца, пра яго практычна няма зьвестак у падручніках і дзяржаўных СМІ, Дзень герояў не адзначаюць на агульнадзяржаўным узроўні.
Аліна Нагорная расказала Свабодзе, як яна цікавілася ў мясцовых уладаў, ці будуць тыя адзначаць 100-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну. Яна разаслала пісьмовыя звароты ў 159 гарадзкіх, раённых і абласных выканкамаў, амаль з усіх атрымала адказы.
Статыстыка адказаў
- 15 выканкамаў (у тым ліку Магілёўскі абласны) не адказалі;
- Гомельскі райвыканкам адказаў толькі, што «бясспрэчна, Слуцкі збройны чын 1920 году мае пэўнае месца ў гісторыі».
- 13 выканкамаў (у тым ліку Віцебскі абласны і Горадзенскі гарадзкі) адказалі, што не плянуюць адзначаць, яшчэ тры — што ня будуць адзначаць паводле рашэньня выканкаму;
- 18 выканкамаў (у тым ліку Слуцкі раённы, Менскі абласны і Менскі раённы) не плянуюць адзначаць і спасылаюцца на Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, які лічыць, што «слуцкія падзеі не насілі характару шырокамаштабных баявых дзеяньняў і патрабуюць больш грунтоўнага аб'ектыўнага навуковага дасьледаваньня»;
- 29 выканкамаў (у тым ліку Гомельскі гарадзкі і абласны, Менскі гарадзкі) спаслаліся на ўказ 1998 году, у якім пералічаныя дзяржаўныя сьвяты, і Дзень герояў ня ў іх ліку;
- 5 выканкамаў не плянуюць адзначаць і спасылаюцца на іншыя прычыны («ня мае дачыненьня да раёну», «не паўплывала на станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці», «існуюць розныя пункты гледжаньня»);
- 10 выканкамаў адказалі, што заплянаваныя пэўныя імпрэзы.
Што плянуюць выканкамы
- У Бялыніцкім раёне заплянавалі гістарычны экскурс у цэнтральнай раённай бібліятэцы, гістарычныя гадзіны, урокі і экскурсы ў сельскіх бібліятэках.
- У Веткаўскім раёне тэму Слуцкага збройнага чыну паабяцалі разгледзець на школьных уроках «у межах вучэбнай праграмы» (у сучасных школьных падручніках Слуцкі збройны чын ня згадваецца).
- У Клічаўскім раёне краязнаўчы музэй заплянаваў заняткі і лекцыі пра Аркадзя Смоліча, на якіх плянуецца таксама інфармаваць пра 100-годзьдзе Слуцкага збройнага супраціву.
- У Кобрынскім раёне з нагоды 100-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну супрацоўнікі музэю імя Суворава рыхтуюць артыкул у раённай газэце.
- У Ленінскім раёне Горадні адказалі, што падзеі гэтага часу вывучаюцца на ўроках гісторыі Беларусі ў IX клясах, а для зацікаўленых ёсьць дадатковы факультатыўны курс.
- У Лідзкім раёне гісторыка-мастацкі музэй дасьледуе тэму падзеяў Савецка-польскай вайны, ужо сабралі некаторыя матэрыялы, знайшлі чалавека, бацька якога быў сьведкам падзеяў паўстаньня.
- У Ляхавіцкім раёне ва ўстановах адукацыі і культуры заплянавалі інфармацыйныя гадзіны і выставы. У Чавускім раёне — інфармацыйныя гадзіны, «выставы, бяседы».
- У Магілёве ў бібліятэках ад 27 лістапада да канца сьнежня плянуюць шэраг тэматычных выставаў пра гісторыю стогадовай даўніны, у тым ліку пра «гістарычныя падзеі 1920 году ў Слуцку».
- У Наваполацку абяцаюць аформіць тэматычныя кніжныя выставы.
Кампанія #СЗЧ100
Плянуецца, што кампанію #СЗЧ100, якую, у сваю чаргу, правядуць у межах большай кампаніі «Зробім лепш!» пры падтрымцы Асамблеі НДА.
Ужо ідзе збор подпісаў за помнік героям Слуцкага збройнага чыну ў Слуцку — на момант публікацыі на сайце Petitions.by сабралі 166 подпісаў.
Ужо створаны Telegram-канал #СЗЧ100, дзе Нагорная плянуе расказваць ня толькі пра кампанію, але і пра падзеі 1920 году.
Разам зь Ігарам Случаком Нагорная вярнула шыльду з гербам «Пагоня» на крыж памяці герояў Слуцкага збройнага чыну ў Грозаве. Некаторы час таму шыльда зьнікла пры невядомых абставінах, а калі яе аднаўлялі, выявілася, што ад часу і надвор’я пашкодзілася частка крыжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У бой за Случчыну. Мінімум фактаў, якія варта ведаць пра Слуцкі збройны чын