Цягам 19 чэрвеня ў Менску праходзіць каля 20 судовых працэсаў паводле адміністрацыйных справаў за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 23.34 КаАП). Падсудным пагражае арышт або штраф да 1350 рублёў. Сьпіс падсудных прыводзіць Праваабарончы цэнтар «Вясна».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Суды зьвязаныя зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Самыя пікеты легальныя, але на ранейшых судах сьведкі-міліцыянты заяўлялі, што падсудныя незаконна там мітынгавалі.
Ужо асуджаныя:
- патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч — 15 содняў арышту (Першамайскі раён, судзьдзя Анастасія Ляйкоўская);
- блогер Эдуард Пальчыс — другія 15 содняў арышту (Кастрычніцкі раён, судзьдзя Алена Жывіца);
- Леанід Кулакоў — 15 содняў арышту (Першамайскі раён, судзьдзя Анастасія Кулік);
- Дзьмітры Кудравец — 10 содняў арышту (суд Цэнтральнага раёну, судзьдзя невядомы);
- Андрэй Шыпулін — 10 содняў арышту (Фрунзэнскі раён, судзьдзя Дзьмітры Лукашэвіч);
- Ева Сапрыгіна — 7 содняў арышту (Савецкі раён, судзьдзя Аляксандар Воўк);
- Марына Адамовіч, жонка лідэра «Народнай грамады» Міколы Статкевіча — штраф 1350 рублёў (Ленінскі раён, судзьдзя Тацяна Шоцік);
- Арцём Бабок — штраф 1350 рублёў (Ленінскі раён, судзьдзя Аляксей Кісьляк);
- Алана Гебрэмарыям — штраф 1350 рублёў (Маскоўскі раён, судзьдзя Юлія Варакса);
- Міхаіл Варанцоў — штраф 1350 рублёў (Маскоўскі раён, судзьдзя Юлія Варакса);
- Віктар Кавалькоў — штраф 1215 рублёў (Кастрычніцкі раён, судзьдзя Вольга Лаўрыновіч);
- Галіна Лагацкая — штраф 1215 рублёў (Першамайскі раён, судзьдзя Сьвятлана Чараповіч);
- Галіна Жукоўская — штраф 1215 рублёў (Кастрычніцкі раён, судзьдзя Аксана Няброская);
- Сьвятлана Каваленка — штраф 1215 рублёў (Партызанскі раён, судзьдзя Натальля Дзядкова);
- старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў — штраф 1080 рублёў (Партызанскі раён, судзьдзя Натальля Дзядкова);
- Ян Грыб — штраф 1080 рублёў (Кастрычніцкі раён, судзьдзя Алена Жывіца);
- Сяргей Нагліс — штраф 945 рублёў (Цэнтральны раён, судзьдзя невядомы);
- Сяргей Тарасенка — штраф 540 рублёў (Фрунзенскі раён, судзьдзя невядомы);
- Мая Навумава — штраф неназванага памеру (Першамайскі раён, судзьдзя Тацяна Ліньнік).
Чакаюццца вынікі судоў:
- Анжаліка Жалезьнякова (Ленінскі раён, судзьдзя невядомы);
- Міхаіл Маслоўскі (Фрунзэнскі раён, судзьдзя невядомы);
- Віталь Савіч (Заводзкі раён, судзьдзя невядомы).
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.