Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі пацьвердзіў Свабодзе зьвесткі аб ператрусе ў доме сям’і Бабарыкаў, які фармальна належыць сыну патэнцыйнага кандыдата Эдуарду, у вёсцы Мачаны Лагойскага раёну.
Зьвесткі пра ператрус зьявіліся днём 18 чэрвеня. Атрымаць камэнтары ў Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і Сьледчага камітэту Свабодзе не ўдалося.
Дзе Віктар і Эдуард Бабарыкі
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, перасталі выходзіць на сувязь раніцай 18 чэрвеня.
Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты вядома, што Віктара Бабарыку і ягонага сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. У штабе пакуль усё спакойна, ператрусаў няма.
Каля 15-ай гадзіны ад будынку Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў ад'ехаў мікрааўтобус без нумароў. Хто ў ім, невядома.
Дзяржаўнае «Агенцтва тэлевізійных навінаў» паведамляла, што Бабарыкі «даюць паказаньні». Адвакатаў да іх не пускаюць, бо ў будынку нібыта «ідуць вучэньні».
Што адбываецца ў доме Бабарыкаў
Мясцовыя жыхары кажуць Свабодзе, што ад пачатку каля дому Бабарыкі было прынамсі два мікрааўтобусы і ня менш за 5 легкавікоў. У аднаго зь мікрааўтобусаў са зьяўленьнем журналістаў адкруцілі нумары проста на вачах карэспандэнта Свабоды.
Блізкая сяброўка Эдурда Бабарыкі Аляксандра Зьверава паведаміла ў Фэйсбуку, што ператрус адбываецца без прысутнасьці ўладальніка.
Вобшук праходзіць яшчэ ў адным доме Эдуарда Бабарыкі
Па словах сяброўкі Эдуарда Бабарыкі, рыхтуецца таксама ператрус у кватэры, дзе яны жывуць разам.
«Паступіла інфармацыя, што ў кватэры Эдзіка, дзе мы жывем разам, таксама рыхтуецца ператрус, — напісала Аляксандра Зьверава, дадаўшы, што «гэты ператрус будзе таксама праходзіць без прысутнасьці ўладальніка». — Наяўных грошай, наркотыкаў і „залатых зьліткаў“ у кватэры няма. Карціны ёсьць. Іх аўтар — Даша Сямёнава».
Паводле Зьверавай, яна з Эдуардам «не зьвязаная ніякім юрыдычным статусам», не прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці, ня займала кіроўных пасад, ніякіх доляў у кампаніі ў яе няма, таму ў выпадку, калі яе затрымаюць, «гэта будзе зроблена насуперак здароваму сэнсу».
Пасьля 1530 Аляксандра Зьверава паведаміла ў Фэйсбуку, што распачаўся вобшук яшчэ ў адным доме Эдуарда Бабарыкі на вуліцы Ліпавай у Менску.
Што кажуць улады
Па стане на 15:20 тэлефоны ў прэс-службе і прыёмнай Камітэта дзяржкантролю, у структуру якога ўваходзіць Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, не адказваюць.
Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава на запыт карэспандэнта Свабоды, дзе знаходзіцца Віктар Бабарыка і хто яго затрымліваў, адказала, што такой інфармацыі ў яе няма.
«Пра вобшукі я чытала ў інтэрнэце, але такой інфармацыі ў мяне пакуль няма», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар і Эдуард Бабарыка «даюць паказаньні» ў ДФР без адвакатаў, якіх не дапускаюць у будынакШто адбывалася раней
Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе Белгазпрамбанку», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Таксама ў межах справы сканфіскавалі мастацкую калекцыю банку. Арыштавалі ў тым ліку каардынатарку штабу Бабарыкі, але ў межах якой справы, невядома.
Бабарыка ацэньвае «справу Белгазпрамбанку» як атаку асабіста на яго, хоць сам у справе не фігуруе: ён згадвае пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адвакат бачыў майго тату адзін раз». Што апавядаюць родныя арыштаваных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта перадвыбарчая агонія». Маці і муж расказваюць пра арышт жанчыны, якая зьбірала подпісы за Віктара БабарыкуПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.