Замест Лукашэнкі на дыстанцыйны саміт «Усходняга партнэрства» пойдзе прэм’ер

Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка прадставіць краіну на саміце ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства», які пройдзе 18 чэрвеня ў фармаце відэаканфэрэнцыі, піша БелТА.

Іншыя краіны — Армэнію, Азэрбайджан, Грузію, Малдову і Ўкраіну, як чакаецца, будуць прадстаўляць кіраўнікі дзяржаваў (у залежнасьці ад краіны гэта можа быць як прэзыдэнт, так і прэм’ер-міністар), таксама чакаецца ўдзел прэзыдэнтаў Эўрапейскай рады і Эўрапейскай камісіі, найвышэйшага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежнай палітыцы і бясьпецы.

Чаму Аляксандар Лукашэнка ня будзе ўдзельнічаць у саміце, а замест яго дзяржаву прадставіць другая асоба, не паведамляюць. Сам Лукашэнка не рабіў заяваў наконт удзелу ў саміце, цягам 17 чэрвеня наагул не рабіў ніякіх заяваў і не зьяўляўся на публіцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 56% не задаволеныя тым, як працуе дэмакратыя ў Беларусі, — апытаньне «Ўсходняга партнэрства»