Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, 18 чэрвеня не выходзяць на сувязь — у штабе мяркуюць, яны маглі быць дастаўленыя ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Штаб Бабарыкі паведаміў пра гэта ў Telegram. Ім «ДФР дзьверы не адчыняе, камэнтароў не дае». Свабода спрабавала зьвязацца з прадстаўнікамі ДФР, атрымаць камэнтар не ўдалося.
Першым пра бацьку і сына Бабарыкаў у ДФР паведаміў ананімны Telegram-канал «Папаратор». Паведамленьне адтуль перапублікавала ў сваім тэлеграме дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. У паведамленьні сьцьвярджаецца, што Бабарыкаў нібыта даставілі ў ДФР для сьледчых дзеяньняў, «зьвязаных зь нясплатай падаткаў і легалізацыяй незаконна атрыманых даходаў.
Пазьней пра затрыманьне Бабарыкаў у такіх абставінах паведаміў Telegram-канал дзяржаўнага «Агенцтва тэлевізійных навінаў». Паводле каналу, абодва «акуратна даюць паказаньні», прэтэнзіяў апэратыўнікам не выстаўляюць.
Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе Белгазпрамбанку», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрыманыя два дзясяткі чалавек. Таксама ў межах справы сканфіскавалі мастацкую калекцыю банку. Арыштавалі ў тым ліку каардынатарку штабу Бабарыкі, але ў межах якой справы, невядома.
Бабарыка расцэньвае «справу Белгазпрамбанку» як атаку асабіста на яго, хоць сам у справе не фігуруе: ён згадвае пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адвакат бачыў майго тату адзін раз». Што апавядаюць родныя арыштаваных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта перадвыбарчая агонія». Маці і муж расказваюць пра арышт жанчыны, якая зьбірала подпісы за Віктара БабарыкуПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.