У Нёмане і ягоным прытоку Котры ў ваколіцах Горадні рыбакі натыкаюцца на тысячы мёртвых рыбаў. Мясцовыя прыгадваюць, што падобнае апошні раз здаралася больш за 30 гадоў таму. Афіцыйная вэрсія — сьпёка. Але гарадзенцы ў яе ня вераць.
Свабода праехала 20 кілямэтраў уздоўж рэк і на свае вочы пабачыла маштаб бяды.
«Крыўдна да сьлёз»
Першае, што чуваць на падыходзе да вады, — моташны смурод гнілой рыбы. І толькі потым відаць тушкі, якімі ўсеяны бераг.
«Уздоўж па затоках тысячы проста», — расказвае дасьведчаны рыбак Юры.
Ён вырас у гэтых мясьцінах каля Скідзеля. Рыбачыў зь дзяцінства. Пасьля зьвестак пра мор узяў лодку і разам зь дзецьмі пракаціўся па рачулцы Котры.
«Крыўдна да сьлёз», — кажа ён.
Юры ўбачыў ня толькі процьму рыбы, але і дохлых ракаў — зь дзясятак на невялікім лапіку берага, мноства рачных слімакоў. Рыбакі перадаюць адзін аднаму, што бачылі нават дохлага бабра і лебедзя. Першыя прыкметы мору заўважылі яшчэ 11-12 чэрвеня.
Вада, над якой звычайна ў сьпёку гуляла і плёскалася рыба, цяпер нагадвае рыбныя могілкі. Паверхня роўная. Паўсюль відаць белыя плямы — дохлая рыба папераварочвалася брушкамі дагары. Да берагу прыбівае і дробных плотак, і вялізных шчупакоў. Невядомая навала не пашкадавала і чырванакніжных келбаў.
«Гады два-тры таму памерлі толькі карп зь ляшчом. Тады не было зразумела, ад чаго. Так ніхто і не разабраўся толкам. Цяпер уся рыба гіне», — шкадуе Юры.
Лешч, плотка, акунь, шчупак, судак, келб, карась, лінь, краснапёрка — гэтыя віды бачылі здохлымі. Тушкі розных памераў і вагі ляжаць у траве каля берага. Вакол сьмярдзіць гнілой рыбай. Над вадой палююць натоўпы чаек. Бывалыя рыбакі расказваюць, што такога ніколі не было.
Калі першапачаткова пра мор гаварылі толькі ў горадзе і паблізу, то цяпер выяўляецца, што ён ужо і вышэй, і ніжэй за Горадзенскую ГЭС. Юры расказвае, што ягоны знаёмы бачыў такую самую сытуацыю на Нёмане каля вёскі Лунна, а гэта 40 кілямэтраў ад Горадні.
«Гэта аддушына. Раз на тыдзень чакаеш у нядзелю пасьля працы зьезьдзіць у свой адзіны выходны павудзіць. А куды цяпер ехаць? Нікуды», — кажа рыбак Юры.
Па Нёмане і Котры езьдзяць катэры рыбнагляду, зьбіраюць вялікія тушкі, каб тыя не засьмечвалі ваду. Егер Сяргей Іванавіч кажа, што падключылася і лясьніцтва.
«Кожны робіць, што можа», — тлумачыць ён.
У чым прычына, ён пакуль, кажа, ня ведае. Сам рыбак, ён такога мору на Нёмане ня памятае.
«Што зробіш, што мы самі сябе губім?»
Купка рыбакоў вудзіць у месцы, дзе рачулка Гараднічанка ўпадае ў Нёман у цэнтры гораду. Уся малая чорная рыба перайшла ў прыток Нёману, бо там вада чысьцейшая.
Рыбак Аляксандар тлумачыць, што раней ніколі такога не было, каб за рыбай было дна не відаць — плыткага, пясчанага. Звычайна цёплай парой рыба ідзе на глыбіню ў Нёман, а цяпер адтуль чамусьці паўцякала. Аляксандар мяркуе, што вудзіць у Гараднічанцы бясьпечна, прыдасца на юшку.
«Уся рыба сышла ў плыткія рэчкі, бо ў Нёмане ёй жыцьця няма», — кажа рыбак.
Ён вудзіць зь дзяцінства ў розных месцах Нёмана. Кажа, што «апошні раз бачыў такі мор рыбы ў 1985 або 1986 годзе», калі завод «Мастоўдрэў» скінуў мазут у Нёман.
«Самае цікавае, калі рыба трапіць у Літву, што літоўцы скажуць... Што зробіш, што мы самі сябе губім, прыроду губім?» — разважае суразмоўца.
Афіцыйная прычына — сьпёка
Пакуль афіцыйная вэрсія таго, што адбылося, — высокія тэмпэратуры, празь якія зьменшыўся ўзровень кіслароду ў вадзе, што, у сваю чаргу, прывяло да гібелі рыб.
«Паводле папярэдніх аналізаў, канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў у рацэ не перавышае гранічна дапушчальныя значэньні», — паведамілі карэспандэнту БелТА ў Камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
Рыбакі ў гэта ня вераць. Думаюць, што прычынай мору маглі стаць ці то хімікаты з палёў, якія на мінулым тыдні шчодра змыў у рэкі дождж, ці то шкодныя зьлівы нейкага прадпрыемства. Пытаньне толькі, якога — бо рыба паздыхала на дзясятках кілямэтраў.
«За дзень немагчыма, каб так прагрэлася, тым больш у праточнай вадзе, тут столькі крыніцаў. Нават залезьці пакупацца — халаднюткая вада. Які тут можа быць тэрмаклін? Хутчэй за ўсё, апрацоўка палёў супала з дажджамі, і ўсё гэта змылася ў раку. Кепска, што ніхто вінаватых, як заўжды, ня знойдзе», — разважае рыбак Юры.
Рыбакі тлумачаць, што ў ранейшыя гады сьпёка стаяла тыднямі, але рыба так ня дохла. Тым больш, сёлета вада не магла настолькі прагрэцца за некалькі дзён, што стала гарачыня.
Гарадзенец Ежы таксама ня верыць у вэрсію са сьпёкай. Ён мае лецішча пад Горадняй, там у азярцы разводзіць рыбу. У яго сёлета рыба не паздыхала, хоць сажалка неглыбокая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ўручыла ноту Беларусі з прычыны магчымага забруджваньня Нёмана
Біёляг: верагодная прычына мору рыбы — атручэньне вады хімікатамі
Біёляг Дзьмітры Вінчэўскі мяркуе, што вэрсія зь недахопам кіслароду досыць слабая.
«Нёман — вялікая рака. Каб здарыўся такі маштабны замор рыбы, трэба неверагодны зьбег абставінаў. Такое можа быць раз на тысячу, на мільён гадоў. Каб была 30 градусаў тэмпэратура пры дне, у такой глыбокай, параўнальна хуткай рацэ, — гэта проста немагчыма. Загінула рыба розных відаў, розных памераў, таму гэта (павышэньне тэмпэратуры і недахоп кіслароду. — РС) павінна было здарыцца на рознай глыбіні і ў розных месцах», — кажа Дзьмітры Вінчэўскі.
На ягоную думку, больш верагодная прычына — атручэньне вады хімікатамі. Для гэтага досыць было б зьліву зь нейкага аднаго прадпрыемства. Пасьля атручэньня вады рыба магла ўцякаць зь небясьпечнага месца як уверх па рацэ, так і ўніз. Гэта магло б патлумачыць, чаму мор так пашырыўся. Біёляг мяркуе, што хімікаты, якімі апрацоўваюць палі, не маглі даць такой вялікай канцэнтрацыі шкодных рэчываў.
Калі спэцыялісты бралі пробы вады і не знайшлі ў ёй шкодных рэчываў, то варта было б праверыць тушкі дохлых рыбін або ракаў, якіх апошнімі днямі плавалі тоны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад стасункаў з коньмі нэгатыў прападае». Як маладая пара пераехала ў вёску і адкрыла ранча«У розных рэчываў, ад якіх яны маглі загінуць, розны час раскладу. Чым хутчэй узялі б аналізы, тым хутчэй маглі б там нешта знайсьці. Калі рыбы шмат і яны зрабілі гэта своечасова, то гэта павінна быць ужо знойдзена. Тады ўжо шукаць крыніцу, адкуль гэта можа быць», — разважае Вінчэўскі.
Літва ўручыла Беларусі ноту, у якой афіцыйна просіць даць інфармацыю, ці фіксавалася ў Беларусі забруджваньне ракі. Першыя аналізы пробаў вады, узятых літоўскімі экспэртамі, паказалі крыху паніжаны, але не крытычна нізкі ўзровень кіслароду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акумулятарнага заводу ў Берасьці зьмяніліся ўладальнікі. Новыя гуляюць у хакей з Лукашэнкам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць кіраўніка Вілейскага таварыства паляўнічых пачалі крымінальную справу за трох зьбітых дзікоў