Украіна вырашыла аднавіць памежны рух зь Беларусьсю і Расеяй, нягледзячы на каранавірус

Ілюстрацыйнае фота

Дакладнай даты пакуль не называюць.

Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аднавіць памежны рух у пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і Расеяй.

«Праект рашэньня распрацаваны з мэтай аднавіць рух у пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы з Расеяй і Беларусьсю ў сувязі з паступовым аслабленьнем карантынных захадаў ва Ўкраіне», — паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў.

У прыватнасьці, плянуецца аднавіць пешаходны рух для грамадзян Украіны і рух аўтамабільнага транспарту ў двух пунктах пропуску:

  • «Дольск» (Валынская вобласьць) — «Махро» (Берасьцейская вобласьць, Янаўскі раён) і
  • «Вільча» (Кіеўская вобласьць) — «Аляксандраўка» (Гомельская вобласьць, Нараўлянскі раён).

Усяго ж на беларуска-ўкраінскай мяжы 12 пунктаў пропуску.

У той жа час міністар не назваў дакладнага тэрміну, калі адновіцца памежны рух, і колькасьці пунктаў пропуску, на якіх будзе адноўлена дзейнасьць, у тым ліку і для грамадзян Беларусі. Гэта стане вядома толькі пасьля таго, як апублікуюць адпаведнае рашэньне ўраду. Цяпер яно дапрацоўваецца з улікам прапаноў Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

У канцы траўня Ўкраіна аднавіла паўнавартасны рух на межах з Польшчай, Вугоршчынай, Славаччынай, Румыніяй і Малдовай і пакінула закрытымі пункты пропуску на межах з Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю.

Мяжу зь Беларусьсю ў сувязі з пашырэньнем каранавірусу Ўкраіна цалкам закрыла ў ноч на 16 сакавіка — на 7 міжнародных пунктах пропуску быў спынены аўтамабільны і пешаходны рух.

Праз гэтыя пункты на тэрыторыю Ўкраіны маглі трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне, а таксама іншаземцы і грамадзяне Беларусі, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны.

Ва Ўкраіну таксама прапускалі акрэдытаваных супрацоўнікаў дыпляматычных і консульскіх устаноў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і іхныя сем’і. Усе астатнія маглі трапіць на ўкраінскую тэрыторыю толькі па ўзгадненьні зь Міністэрствам замежных спраў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне падоўжылі карантын да 31 ліпеня. Але ён будзе адаптыўным для кожнага рэгіёну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самалёты «Белавія» ўжо лятаюць у 20 краін сьвету. Якія перасьцярогі ад COVID-19 застаюцца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Марачкін вярнуўся з самага доўгага пленэру ў жыцьці — чатыры месяцы на карантыне ў Чарнагорыі