15 тысяч кліентаў мае страхавая кампанія «Кентаўр», куды прыйшлі зь ператрусам адначасова зь «Белгазпрамбанкам». Рахункі заблякаваныя, іх немагчыма абслугоўваць.
11 чэрвеня супрацоўнікі ДФР Камітэту дзяржаўнага кантролю прыйшлі зь ператрусамі ў «Белгазпрамбанк» і кампаніі «Прыватлізінг», «Кентаўр» і «Кампары». Рахункі апошніх заблякавалі, ад чаго цярпяць кліенты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кентаўр», «Кампары», «ПрыватЛізінг». У Менску прайшлі ператрусы ў прыватных кампаніяхУ кампаніі «Кентаўр» сёньня каля 15 тысяч кліентаў, у тым ліку з мэдычнымі страхоўкамі. Адразу ўзьнікла праблема: людзі не маглі атрымаць па страхоўцы мэдычную дапамогу. У фірмы Аляксандра, якая зьяўляецца кліентам «Кентаўра», праблемы мелі нават некалькі хворых на каранавірус, якія былі дома на самаізаляцыі.
Але праблему ўдалося вырашыць.
«Яны малайцы, бо нейкім чынам усё ж здолелі дамовіцца з мэдычнымі цэнтрамі, і на гэты момант мэдычную дапамогу людзі могуць атрымаць. У іх таксама ёсьць плян Б: людзі змогуць за свае грошы атрымліваць дапамогу і пасьля іх вернуць», — кажа Аляксандар.
«Мы паскардзіліся ў Генэральную пракуратуру»
Як паведаміў Свабодзе генэральны дырэктар кампаніі «Кентаўр» Сяргей Прохарчык, праз 6 дзён пасьля ператрусу так і не вядома, якія прэтэнзіі маюць да кампаніі сілавікі. «Нічога нам не прад’яўлена, сёньня я спрабую трапіць да сьледчага. Спадзяюся, сёньня гэта ўдасца. Мяне самога нікуды не выклікалі. Падчас ператрусу забралі ноўтбук і спампавалі базу бухгальтэрыі, нікога не дапытвалі», — апавядае Аляксандар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія «Кентаўр», у якой прайшлі ператрусы, падала скаргу ў Камітэт дзяржкантролю і ГенпракуратуруПакуль сьледчых дзеяньняў няма, але цярпяць кліенты кампаніі.
«З мэдычнымі страхоўкамі ў нас сотні людзей. Ёсьць праблема з страхаваньнем транспарту, бо частка аўтадылераў прымае нашы гарантыйныя лісты, але частка патрабуе наяўных і ня хоча рызыкаваць. Пакутуюць сотні людзей, наш працоўны калектыў, бо няясна, як заробак плаціць. У нас у кампаніі 15 тысяч кліентаў — гэта фізычныя і юрыдычныя асобы, якія могуць пацярпець», — кажа Аляксандар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кампаніі «Кентаўр», у якой у чацьвер прайшлі ператрусы, заблякавалі рахункі кліентаў
«Наша месца зоймуць іншаземцы»
Кампанія «Кампары», якая выпускае сродкі гігіены, сёньня таксама ня можа разьлічвацца за сыравіну і ў поўнай меры працягваць вытворчасьць. Рахункі кампаніі таксама заблякаваныя.
У размове з Свабодай генэральны дырэктар Анатоль Булава паведаміў, што такія праблемы найперш могуць адбіцца на супрацоўніках кампаніі, а гэта 155 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, дзе адбыліся ператрусы«Адказаў на нашыя запыты няма, мы рыхтуем яшчэ запыты. У нас процьма пратэрмінаваных аплатаў, трэба аплочваць рахункі за электрычнасьць, мы намагаемся не спыняцца. Але могуць спыніць пастаўляць сыравіну, няма паліва людзей у камандзіроўку адпраўляць. Мы робім сацыяльна значныя тавары, апроч нас, пастаўнікоў хапае. Калі мы ня будзем як айчынны вытворца на беларускім рынку, наша месца зоймуць кампаніі з Расеі ці яшчэ аднекуль», — кажа Анатоль Булава.
Абвінавачваньняў ані дырэктару, ані супрацоўнікам кампаніі праз 6 дзён пасьля ператрусу ня выставілі.
11 траўня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаніяў прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі аб завядзеньні крымінальных справаў паводле артыкула 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і артыкула 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, дзе адбыліся ператрусы