Бабарыка: «Каля 20 чалавек затрымалі» ў справе «Белгазпрамбанку»

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» 17 чэрвеня расказаў, што ў межах «справы Белгазпрамбанку», якую ён лічыць акцыяй супраць яго, затрымалі каля 20 чалавек.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Бабарыка адзначыў, што «маштабнасьць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная», гэтыя 20 затрыманых — толькі тыя выпадкі, пра якія вядома яму, а «дзесьці раскручваецца ў Магілёве, дзесьці яшчэ». Ён сказаў пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў» — мяркуе, гэта была каманда супраць яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта перадвыбарчая агонія». Маці і муж расказваюць пра арышт жанчыны, якая зьбірала подпісы за Віктара Бабарыку

Таксама Бабарыка сказаў, што ня ведае, у якой справе можа праходзіць каардынатарка ягонай ініцыятыўнай групы Сьвятлана Купрэева, якая цяпер у СІЗА КДБ. Маўляў, ня чуў, каб яна займалася нейкай прадпрымальніцкай дзейнасьцю, яна не працавала ў кампаніях, у якіх праходзілі ператрусы ў межах справы «Белгазпрамбанку», і ён не перадаваў ёй на захоўваньне ніякай маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адвакат бачыў майго тату адзін раз». Што апавядаюць родныя арыштаваных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». ВІДЭА

«Таму я інакш як проста ціск, шантаж і ўзьдзеяньне гэта ніяк не ўспрымаю», — рэзюмаваў Бабарыка затрыманьне Купрэевай.

Бабарыка адзначыў: кампанія вылучэньня яго кандыдатам у прэзыдэнты працягваецца, ніводзін з родзічаў затрыманых яго «не асудзіў», усе казалі, што «трэба ператрываць».

Пра праверкі, ператрусы і пагрозы Бабарыка 17 чэрвеня расказаў таксама ў эфіры расейскага выданьня «Эхо Москвы». Ён заявіў, што «такога разгулу беззаконьня, якое дзеецца цяпер, ня бачыў: парушаныя ўсе нормы».

Ён перакананы, што калі яго не зарэгіструюць кандыдатам, гэта будзе «ня проста непрызнаньне выбараў, а прызнаньне ўладай сваёй слабасьці». Бабарыка сьцьвярджае, што за яго сабралі ўжо 368 тысяч подпісаў, праверылі сапраўднасьць 339 тысяч, ужо здалі ў выбаркамы 168 тысяч, а агулам зьбіраюцца здаць 380 тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта рэйдэрскі захоп». Дзе цяпер мастацкая калекцыя «Белгазпрамбанку» з карцінамі Шагала і Суціна

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.