Кабінэт міністраў Украіны вырашыў падоўжыць карантын да 31 ліпеня ў сувязі з павелічэньнем захворвальнасьці на COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Улічваючы павелічэньне колькасьці хворых, мы падоўжым адаптыўны карантын да 31 ліпеня. Сёньня мы таксама разгледзім прапанаваны Міністэрствам аховы здароўя падыход да адаптыўнага карантыну, які прадугледжвае магчымасьць узмацненьня карантыну ў асобных рэгіёнах, калі будзе такая неабходнасьць», — заявіў сёньня на пасяджэньні ўраду прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль.
Кіраўнік ураду дадаў, што што разумее стомленасьць украінцаў ад карантыну, але пагроза пашырэньня каранавірусу пакуль не пераадоленая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» аднаўляе палёты ва Ўкраіну. Але для пасажыраў ёсьць абмежаваньні«Масачны рэжым, сацыяльная дыстанцыя, дэзынфэкцыя — гэта простыя рэчы, якія дазволяць зьберагчы сваё жыцьцё і абароняць іншых, пакуль ня будзе знойдзены прынамсі эфэктыўны пратакол лячэньня COVID-19», — дадаў Дзяніс Шмыгаль.
Паводле інфармацыі Цэнтру грамадзкага здароўя Ўкраіны, на 17 чэрвеня ў краіне пацьвердзілі 33 234 выпадкі інфікаваньня каранавірусам, 14 943 грамадзян акрыялі і 943 памерлі. За апошнія суткі колькасьць выпадкаў заражэньня павялічылася на 758, а сьмяротных — на 31.
Сярод рэгіёнаў найбольшая дынаміка захворваньня зафіксаваная ў Кіеве, а таксама ў Чарнавіцкай, Ровенскай, Кіеўскай і Львоўскай абласьцях. У гэтых рэгіёнах дагэтуль дзейнічаюць пэўныя абмежаваньні — абавязковы масачны рэжым, закрытыя кавярні і гандлёвыя цэнтры.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ