У Пэкіне спынілі школьныя заняткі ў сувязі з новым выбухам эпідэміі каранавірусу

Паліцыянты на найбуйнейшым рынку Пэкіну

Пэкін 16 чэрвеня павысіў узровень рэагаваньня на надзвычайную сытуацыю ў сфэры аховы здароўя з трэцяга да другога. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі​

Пачатковыя і сярэднія школы гораду часова спыняюць заняткі, навучэнцам ВНУ забаранілі вяртацца на тэрыторыю кампусаў. Акрамя таго, увялі забарону на наведваньне Пэкіну турыстычнымі групамі зь іншых рэгіёнаў Кітаю. У горадзе прыпынілі правядзеньне культурна-масавых, забаўляльных і спартовых імпрэзаў.

Улады Пэкіну заявілі, што ўвядуць частковыя абмежаваньні на выезд: жыхарам раёнаў з высокім узроўнем эпідэмічнай пагрозы забаранілі пакідаць горад. Астатнім гараджанам рэкамэндавалі бяз вострай неабходнасьці не выяжджаць за межы сталіцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай абвясьціў пра новую ўспышку COVID-19 у Пэкіне

Улады таксама паведамілі, што другі ўзровень рэагаваньня на надзвычайную сытуацыю ў сфэры аховы здароўя не патрабуе прыпыненьня вытворчасьці, аднак рэкамэндуюць перайсьці на дыстанцыйны рэжым працы або даць супрацоўнікам гнуткі графік.

На мінулым тыдні ўлады кітайскай сталіцы зафіксавалі ўспышку захворваньня на каранавірус на найбуйнейшым пэкінскім гуртовым рынку. Дагэтуль лекары выявілі больш за 100 выпадкаў заражэньня, большасьць зь іх — у працаўнікоў гандлёвых пунктаў, іхных сваякоў і блізкіх.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ