Чым адкажа Расея на «Белгазпрамбанк»

Офіс кампаніі «Газпром» у Маскве

Наколькі абгрунтаваныя чуткі пра тое, што «Газпром» спыніць пастаўкі газу ў Беларусь з 1 ліпеня? Як на гэта адрэагавалі б заходнія партнэры «Газпрому»? Ці дойдзе справа да нацыяналізацыі «трубы»?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова і палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла:

Дракахруст:

  • Прыкметна, што ўжо не тэлеграм-каналы, а кіраўнік «Газпрому» Мілер сказаў пра неабходнасьць вяртаньня Беларусьсю запазычанасьці ў 165 мільёнаў даляраў.
  • Цікава будзе паглядзець, як будуць сябе паводзіць (асабліва пасьля візыту ў Менск расейскага міністра Лаўрова, які, магчыма, прывязе некаторыя прапановы) фэдэральныя расейскія тэлеканалы.
  • Дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя, дэ-факта адбіраюць камэрцыйны актыў. А з другога боку, камэрцыйны актыў такой даволі таксычнай арганізацыі, а менавіта «Газпрому».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як банк трапіў у палітычныя закладнікі

Касьцюгова:

  • Існуюць пэўныя тонкасьці. Нагадаю, што ў Беларусі няма кантракту з «Газпромам» — цэны ўзгаднілі Мілер і Сямашка.
  • У Расеі вялікі, я б сказала нават, вельмі вялікі выбар інструмэнтаў уплыву на Беларусь. Галоўнае — тое, што і Беларусь як дзяржава вінная Расеі вялікія грошы, і беларускія прадпрыемствы, асабліва дарагія сэрцу Аляксандра Лукашэнкі. І гэты інструмэнт рэпутацыйна для Расеі абсалютна бясьпечны.
  • Беларусь можа, не дачакаўшыся адказу ад «Газпрому», разьвязаць яму рукі, нацыяналізаваць «трубу» (і «Белтрангаз», і Ямал-Эўропа).
  • Мне падаецца, значнасьць тэлебачаньня вельмі скарацілася, і «Хросныя бацькі» (сэрыял супраць Лукашэнкі, паказаны Масквой у 2010 годзе. — РС) ідуць па іншых каналах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэнэрга Беларусі: ніякіх папярэджаньняў ад «Газпрому» пра спыненьне паставак газу не было 

Навумчык:

  • У Беларусі таксама ёсьць мэханізмы ўплыву на Маскву, хаця і не ў такім шырокім дыяпазоне, як у Масквы на Менск. Напрыклад, падыходзіць час працягваньня альбо скасаваньня арэнды Расеяй вайсковых аб’ектаў у Вялейцы і Ганцавічах — іх страта была б для Расеі даволі адчувальнай.
  • Нельга выключыць, што Масква правакуе Менск забраць газавую «трубу» — каб потым адказаць «зялёнымі чалавечкамі», увесьці ў Беларусь расейскія танкавыя карпусы. Але гэта створыць для Пуціна прынцыпова іншую сытуацыю. І вось у такім выпадку Лукашэнка зможа разьлічваць на падтрымку Захаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галерэя «Арт Беларусь» адкрылася без Шагала і Суціна. Дзе калекцыя «Белгазпрамбанку» — невядома. ФОТА