Індыя заявіла пра сьмерць 20 вайскоўцаў у інцыдэнце на мяжы з Кітаем

Індыйскі вайсковы канвой на мяжы краіны. Ілюстрацыйнае фота

Індыя заявіла 16 чэрвеня, што як мінімум 20 яе вайскоўцаў памерлі пасьля інцыдэнту з кітайскімі салдатамі на мяжы ў Гімалаях, якую аспрэчваюць абодва бакі.

Спачатку паведамлялася пра трох забітых, але пазьней ў той жа дзень індыйскія ўлады заявілі, што памерлі іншыя параненыя вайскоўцы, якія да таго былі ў крытычным стане. Паводле індыйскіх чыноўнікаў, сутычка, якая адбылася без выкарыстаньня агнястрэльнай зброі, была першым інцыдэнтам са сьмяротнымі ахвярамі на індыйска-кітайскай мяжы ад 1975 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мабільныя шпіталі ў Індыі, усплёск у Кітаі. Кроніка пандэміі COVID-19

«З індыйскага боку загінулі афіцэр і двое салдатаў, — гаворыцца ў індыйскай заяве. — Найвышэйшыя вайсковыя чыноўнікі абодвух бакоў цяпер сустракаюцца на месцы здарэньня, каб разрадзіць сытуацыю».

Кітай, са свайго боку, абвінаваціў індыйскія сілы ўздоўж мяжы ў «правакацыйных нападах» на свае войскі, што прывяло да «сур’ёзных фізычных сутычак» паміж бакамі.

У рэгіёне Лядах непадалёк ад Тыбэту, паабапал індыйска-кітайскай мяжы, ужо больш як месяц стаяць тысячы вайскоўцаў абедзьвюх дзяржаваў пры падтрымцы панцырных грузавікоў і артылерыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай абвясьціў пра новую ўспышку COVID-19 у Пэкіне

Спрэчная мяжа расьцягваецца амаль на 3,5 тысячы кілямэтраў. Хоць інцыдэнты на мяжы здараліся і раней, у апошнія тыдні супрацьстаяньне абвастрылася ў рэгіёне Ладах, дзе Індыя будуе стратэгічную дарогу, якая злучае рэгіён з узьлётнай паласой паблізу Кітаю.

Індыя і Кітай ваявалі за мяжу ў 1962 годзе. Абедзьве краіны спрабуюць урэгуляваць свае памежныя спрэчкі з пачатку 1990-х гадоў.