Маскоўскі гарадзкі суд прысудзіў грамадзяніну ЗША Полу Ўілану 16 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у шпіянажы.
На судовым паседжаньні 25 траўня абвінавачаньне запатрабавала для яго 18 гадоў калёніі строгага рэжыму. Артыкул аб шпіянажы прадугледжвае пакараньне да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Уілан у апошнім слове заявіў аб сваёй невінаватасьці. Ён і яго абарона настойвалі на апраўдальным прысудзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Расеі ня бачыць падставаў для абмену Пола Ўілана, абвінавачанага ў шпіянажыБылога амэрыканскага марскога пяхотніка Пола Ўілана затрымалі ў гатэлі ў Маскве ў сьнежні 2018 году. Паводле сьледзтва, на сканфіскаванай у яго флэшцы былі зьвесткі, якія ёсьць дзяржаўнай таямніцай. Пол Уілан віну адмаўляе, а крымінальны перасьлед называе правакацыяй і «абсурдным палітычным выкраданьнем». Яго сваякі падкрэсьліваюць, што ў Маскву ён прыехаў па запрашэньні на вясельле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра амэрыканца, затрыманага ў Расеі па падазрэньні ў шпіянажыСлуханьні справы Ўілана ў сутнасьці пачаліся 20 красавіка сёлета. Паводле яго адваката Уладзіміра Жарабенкава, сьведкі абароны — каля 10 чалавек — заявілі ў судзе, што амэрыканец нікога не вэрбаваў і ніякую сакрэтную інфармацыю не зьбіраў. З словаў адваката, суду былі пададзеныя доказы таго, што „ў справе ёсьць прыкметы правакацыі злачынства з боку адной асобы, ад якой зыходзіла ўся ініцыятыва“.
Улады ЗША неаднаразова выказвалі ўпэўненасьць у невінаватасьці Ўілана і заклікалі Расею яго адпусьціць.