Чаму славутага сьпевака пахавалі ў магіле з Надзеяй. Чаму чэхі не аддалі яго фартэпіяна. Чаму ён дагэтуль застаецца чужым для беларускай дзяржавы, якой пакінуў спадчыну.
З Канады, з ваколіц возера Гурон, да 120-гадовага юбілею беларускага опэрнага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага даслаў мне шмат фота паэт Сяргей Панізьнік. Сяброўства з Забэйдам калісьці дорага каштавала самому Панізьніку: яго, афіцэра савецкага кантынгенту ў Чэхаславаччыне, як ён сам кажа «патурылі з арміі і партыі за сувязь з нацыяналістычнымі дзеячамі і прапаганду іх у друку». А яшчэ за тое, што «за 20 гадоў да Гарбачова пачаў прасіць у чэхаў прабачэньня за акупацыю».
Калі я прыехала ў Прагу ў 1995-м, Забэйда ўжо даўно адпачываў на Альшанскіх могілках. Мы, новая хваля эмігрантаў, зразумела, пачалі шукаць тут сьляды беларускіх легенд. Аднаго разу каля магілы Забэйды да мяне зьвярнулася старэнькая чэшка: дык вы іх дачка? Чыя дачка? Забэйда ж ніколі ня быў жанаты.
Тады я даведалася гісторыю, чаму Забэйду пахавалі ў магіле разам з Надзеяй Кастэцкай. Яе шыльдачка стаяла сьціпленька прыхінутая да помніка Забэйды. Надзея была беларускай, якую вывезьлі ў Нямеччыну на працу. Пасьля вайны нейкімі шляхамі апынулася ў Чэхаславаччыне і пазнаёмілася тут зь Любамірам Кастэцкім. Яе муж, таленавіты музыкант, пазьней стаў адным з закладальнікаў славутага Квартэту Сьметаны (Smetanovo kvarteto), дзе граў на скрыпцы і віялянчэлі. Дзякуючы шырокім гастролям квартэту, Кастэцкая разам з мужам аб’ехала цэлы сьвет. У іх было двое дзяцей, сын і дачка, зь якой мяне, магчыма, паблыталі. Надзея стала фан-прыхільніцай таленту сьпевака і земляка, яе сям’я да сьмерці падтрымлівала і даглядала адзінокага Забэйду.
Празь нейкі час пасьля гэтай сустрэчы шыльдачка з датамі жыцьця і сьмерці Надзеі Кастэцкай зьнікла. Паводле вэрсіі Ганны Сурмач, гэту шыльду мог забраць сын і сымбалічна перанесьці на магілу бацькі. Ганна Сурмач, як колішні дырэктар Белдзяржархіву літаратуры і мастацтва, сустракалася з Кастэцкімі, калі беларуская дзяржава вырашыла забраць архіў Забэйды пасьля яго сьмерці ў 1981-м годзе. Менавіта ёй, Беларусі, сьпявак усё пакінуў у спадчыну. Часткова вывезьці архіў удалося. Праўда, у Празе так і засталося фартэпіяна сьпевака — быццам у апошні момант чэхі вырашылі не аддаваць, бо гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць. Дзе інструмэнт цяпер, ніхто пакуль не адшукаў.
У Празе сьпявак пражыў большую палову жыцьця. Сорак плюс адзін год. Сюды ён перабраўся з Варшавы ў 1940-м пасьля таго, як перажыў там нямецкі налёт і быў кантужаны. Сцэна чэхаславацкага Нацыянальнага тэатру прывітала яго гэтак жа цёпла, як раней сцэна Харбінскай опэры ці міланскай Ля Скалы. Да опэрнага рэпэртуару на канцэртах ён заўсёды дадаваў беларускую песьню, якая стала яго візытоўкай.
Асобы такога ўзроўню, як падавалася, могуць стаць падмуркам для сумесных культурніцкіх праектаў беларускай эміграцыі і беларускай дыпляматыі за мяжой. Яшчэ на пачатку году беларуская дыяспара ў Чэхіі прапанавала пасольству Беларусі ў Празе паўдзельнічаць у аднаўленьні магілы і помніка Забэйду, якія тэхнічна і эстэтычна састарэлі. Пасольства доўга маўчала, раілася з міністэрствам культуры, пасьля чаго пераслала пазыцыю Мінкульту РБ. Цытую ў арыгінале: " В соответствии с абзацем шестым статьи 20 Закона Республики Беларусь «О погребении и похоронном деле» поддержание надмогильных памятников, установленных в местах погребения, как правило, осуществляется лицами, которые брали на себя организацию их установки". Подпіс чыноўніка пад гэтым адказам у копіі быў адрэзаны.
Ні на якім фронце беларуская дзяржава ня можа прыемна зьдзівіць.
Цяпер гаворка нават не пра помнік, які беларусы адновяць самі. Гаворка пра мэту. Зладзіць Беларусь, як па нотах, дома і ў замежжы. У такую сусьветную Беларусь прыўкрасна ўпісваецца легенда Міхала Забэйды-Суміцкага, беларускага песьняра, які скарыў сьвет матчынай калыханкай. Другая частка яго прозьвішча, між іншым, не ад шляхецкага роду. Па бацьку ён быў Забэйда, па маці — Суміцкі. Такога артыстычнага імя яшчэ не прыдумаў ніхто, акрамя яго.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.