Парлямэнт Грузіі ў трэцім чытаньні зацьвердзіў папраўкі да Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія прадугледжваюць штрафы за ненашэньне масак у закрытых памяшканьнях і ў грамадзкім транспарце.
Штраф за ненашэньне маскі падчас эпідэміі складзе 20 лары (6 даляраў), ён тычыцца і пасажыраў таксі. Уладальніку памяшканьня давядзецца заплаціць 500 лары (165 даляраў).
Міністэрства аховы здароўя Грузіі вызначыць, які тып маскі павінны насіць грамадзяне. У выпадку, калі чалавек ня можа насіць маску паводле стану здароўя, ён павінен атрымаць спэцыяльную даведку. Тым, хто ня можа дазволіць сабе купіць маску, дзяржава мае намер дапамагчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1 ліпеня Грузія плянуе адкрыць свае межы для турыстаўЗа парушэньне правілаў самаізаляцыі і карантыну таксама пагражае штраф: дзьве тысячы лары (670 даляраў) для фізычных асобаў і 10 тысячаў лары (3,3 тысячы даляраў) для юрыдычных асобаў.
Паўторнае парушэньне любога абмежаваньня, акрамя нашэньня масак, цягне крымінальную адказнасьць у выглядзе хатняга арышту на тэрмін ад шасьці месяцаў да двух гадоў або пазбаўленьне волі да трох гадоў.
Штрафы будуць дзейнічаць да 15 ліпеня.
Паводле дадзеных на 12 чэрвеня, у Грузіі на COVID-19 захварэлі 843 чалавекі, 13 пацыентаў памерлі.
Рэжым надзвычайнай сытуацыі дзейнічаў у Грузіі з 21 сакавіка, празь дзесяць дзён абмежаваньні сталі больш жорсткімі — у краіне ўвялі камэнданцкую гадзіну і забаранілі зьбірацца колькасьцю больш чым тры чалавекі. З 29 траўня ў Грузіі аднавіў працу грамадзкі транспарт, з 1 чэрвеня дазволілі працаваць крамам адзеньня. Рэстараны, гатэлі і пункты абмену валюты адкрыліся 8 чэрвеня, адноўленыя міжгароднія зносіны.