Незалежнасьць ад зьнешняга сьвету — галоўнае, да чаго імкнуўся Аляксандар, пераяжджаючы зь сям’ёй з гораду ў вёску. Сёлетні карантын істотна не паўплываў на ягонае жыцьцё і пацьвердзіў правільнасьць выбару, а коні дапамаглі справіцца з трывожнымі думкамі.
«Месца тут хапае ўсім»
Лапы — маленькая вёска на дзесяць дамоў паміж Віцебскам і Бешанковічамі. Жылых — тры. У адным зь іх жыве Аляксандар з жонкай Дыянай і пяцігадовай дачкой Ганнай.
Спачатку пара жыла ў Віцебску. Абое больш за пятнаццаць гадоў захапляюцца верхавой яздой. Сваіх першых коней — Паліну і Тумана — трымалі ў стайнях за горадам. Там жа навучалі ахвочых езьдзіць конна.
Першая спроба даўншыфтынгу з коньмі ў ваколіцах Браслава аказалася няўдалай.
«Хацелася экалягічнасьці і адасобленасьці. Рэгіён падаваўся ідэальным», — узгадвае Аляксандар.
Аднак ідэалізаваць азёрны край лепш атрымлівалася на адлегласьці. І сем гадоў таму сям’я пераехала ў Лапы — выпадковую вёску бяз гучнай гісторыі і курортных пэрспэктыў, затое абкружаную бясконцымі палямі, дзе коням добра.
Паступова ў вясковым доме зьявіліся выгоды, а побач з домам — стайня. Гаспадарка разраслася да васьмі коней, чарады з 13 авечак, дзьвюх коз, парсючка, каровы, некалькіх трусоў і свойскай птушкі. У памочніках — сабакі. Сьцерагчы дом — абавязак флегматычнага Лёрда. Паслужлівая Грэта дапамагае з коньмі, а спрытны бордэр-колі Авіятар, як належыць ягонай пародзе, пасьвіць авечак.
Тэрыторыю пасьвіць коней і касіць сена Аляксандру выдзелілі мясцовыя ўлады. Цяпер да ягонага дому падступаюць 13,5 гектара роўных палёў.
«Месца тут хапае ўсім», — азіраючыся вакол, усьміхаецца гаспадар.
Некалькі гадоў таму сям’я вырашыла адкрыць уласнае ранча. Сюды прыяжджаюць людзі, якія, як і гаспадары, любяць коней і прыроду.
Езьдзяць конна, сьпяць на саломе над стайняй і выпраўляюцца ў конныя вандроўкі па суседніх вёсках. Таксама Аляксандар практыкуе гіпатэрапію для асоб з асаблівасьцямі фізычнага разьвіцьця.
«Да нас едуць і дзеці, і дарослыя, і нават пэнсіянэры», — кажа ён.
Зь зімы Аляксандар моцна абмежаваў сацыяльныя кантакты. І разам зь сям’ёй сышоў на карантын.
«Тушонку і грэчку пачаў закупляць яшчэ ў сьнежні»
Меры перасьцярогі ад каранавірусу Аляксандар вырашыў прыняць заўчасна, калі ў Беларусі толькі пачыналі зьяўляцца пра яго адзінкавыя паведамленьні. Ён рос у сям’і мэдыка, дзе здароўе было перадусім. Да таго ж у сытуацыі з каранавірусам Аляксандар аказаўся ў групе рызыкі.
Аляксандар пачаў рабіць захады, каб бясьпечна ізалявацца на ранча на даволі працяглы тэрмін.
«Тушонку і грэчку пачаў набываць яшчэ ў сьнежні, — кажа ён. — У нас ніхто пра гэта не казаў, а ў сьвеце казалі. Я сачыў за падзеямі. Новы год мы адсьвяткавалі ўжо сваёй сям’ёй».
Прадуктамі сям’ю забясьпечвае гаспадарка.
«Акрамя хлеба. Печка ў доме ёсьць, але я лянуюся пячы», — дадае Аляксандар.
У Віцебску ён ня быў ужо некалькі месяцаў. Краму замяняе аўталаўка, дзе два разы на тыдзень можна набыць хлеб і іншыя неабходныя прадукты.
«Я паглядзеў з вакна, што ўсе разьбегліся, і адзін пайшоў, купіў, што трэба», — працягвае суразмоўца.
«Можам займацца чым заўгодна — гаспадаркай, рамонтам, вучобай, любімымі справамі»
Аляксандар прызнаецца, што на карантыне для іх мала што зьмянілася.
«А дзявятай выходзім з дому, каб заняцца жывёлай. Яна лёгка прывыкае да любога графіку. Кормім, мыем, мяняем месца выпасу для коней».
Кожны дзень Аляксандар езьдзіць конна, на пляцоўцы або па ваколіцах. Перад выездам каня трэба падрыхтаваць — пачысьціць і прычасаць.
«Адзін пазногаць пастрыжэш — пяць патоў сыдзе», — усьміхаецца гаспадар. Сёньня ён сядлае Вепра — маладога і дужага жарабца.
Аляксандар адзначае, што коні дапамагаюць яму пазбавіцца ад трывожных думак.
«Ад стасункаў з жывёламі ўвесь нэгатыў прападае, — кажа ён. — Прынамсі, мне дапамагае. Я ж у гэта веру».
Пасьля хатніх клопатаў у гаспадароў фэрмы вольны час. Прыкладна да сёмай гадзіны, калі наступае пара вечаровых рытуалаў вяртаньня коней у стойлы.
«Удзень можам займацца чым заўгодна — гаспадаркай, рамонтам, вучобай, любімымі справамі», — камэнтуе ён.
Найчасьцей пакідае дом Дыяна. Яна вэтэрынар і езьдзіць па мясцовых фэрмах.
«Але яна працуе з жывёламі», — удакладняе Аляксандар, чаму жонка ня кінула працу ў час пандэміі.
Сам Аляксандар праграмуе — для працы правёў у вясковы дом хуткасны інтэрнэт. Таксама выкладае онлайн ангельскую мову. Ён выпускнік філялягічнага факультэту Віцебскага дзяржунівэрсытэту. Некалькі сэзонаў адпрацаваў гідам-перакладчыкам на Барнэа. У міжсэзоньне — выкладчыкам у Віцебску.
З дачкой Аляксандар размаўляе выключна па-ангельску. Ганна ня ходзіць у дзіцячы садок, навучаецца дома, расьце на прыродзе і ўсьлед за бацькамі вучыцца даглядаць за жывёламі. На каня дзяўчынка села раней, чым навучылася хадзіць. На думку Аляксандра, гэта найлепшыя ўмовы для гарманічнага разьвіцьця дзіцяці.
«Я дазваляю ёй бегаць паўсюль. Адзінае, каб я ведаў, куды яна бяжыць», — кажа Аляксандар.
Уся сям’я любіць рыбачыць. У ваколіцах шмат азёр і нескладана знайсьці зацішнае месца, каб палавіць рыбу. А летам — каб пакупацца. Нават разам з коньмі.
«Здароўе нашмат даражэйшае, чым магчымасьць заробку ў пэрспэктыве»
Найбольш людны час на сямейным ранча звычайна прыпадаў на лета. Аляксандар і Дыяна арганізуюць конны мінілягер для дзяцей з 11 гадоў з пражываньнем і харчаваньнем. Звычайна «зьмена» доўжыцца дзевяць дзён. Дзеля гэтага Аляксандар пераабсталяваў гарышча свайго дому ў гасьцёўню-студыю.
«Мы стараемся браць дзяцей з досьведам верхавой язды. Хочацца, каб яны прысьвячалі свайму хобі 24 гадзіны на суткі, — тлумачыць ён. — Адначасна прымаем ня больш за чатырох дзяцей, каб кожнаму выдзеліць свайго каня — у залежнасьці ад характару дзіцяці і жывёлы».
Па словах Аляксандра, ахвочых шмат, але ня ўсім гэта пасуе. Бо ў вялікіх гарадах дзеці звыклі да камфорту.
«Тут ніхто за дзецьмі ня ходзіць, — кажа ён. — Дзеці мусяць умець самастойна зрабіць мінімальны сьняданак і дапамагаць у гатаваньні дзённай ежы, даглядаць сябе і клапаціцца пра свайго каня — пакарміць яго, напаіць, пачысьціць, пагуляць, выйсьці зь ім у поле».
Пасьля сьняданку — верхавая трэніроўка ў полі. Гэта можа быць канкур альбо лёгкая прагулка. Пад наглядам трэнэра дзеці самі чысьцяць і сядлаюць свайго каня. Цягам дня жорсткага распарадку няма, бо надвор’е ўносіць свае карэктывы. Але ў любым выпадку конь павінен быць дагледжаны і сыты.
«Гэта складаная штодзённая праца. Дзеці тут — як на дзядзькаваньні», — кажа Аляксандар.
У сувязі з пандэміяй гаспадары вырашылі адкласьці летнікі. Прынамсі да наступнага месяца. Хоць летам тыя забясьпечвалі добры прыбытак. І прымаць у конны лягер толькі тых, хто трымаў карантын і не кантактаваў зь людзьмі мінімум два тыдні.
«Мы хочам захаваць тое, што ёсьць. Здароўе нашмат даражэйшае, чым магчымасьць заробку ў пэрспэктыве. Тое, што для жыцьця патрэбна, мы маем. А тое, што спатрэбіцца, — прыйдзе пазьней», — упэўнены Аляксандар.
На ягоную думку, сёлета, у пару пандэміі, у людзей быў шанец зразумець, што матэрыяльны складнік не асабліва важны для жыцьця.
«Дастаткова мець нейкія базавыя рэчы, якія паляпшаюць камфорт і спрошчваюць быт. Астатняе — перанасычэньне. Цяпер людзі змогуць імкнуцца да больш важных рэчаў. Мы гэта зразумелі сем гадоў таму», — кажа суразмоўца.
Для сябе самым важным Аляксандар называе свабоду.
«Як казаў адзін вялікі філёзаф, свабода — гэта ўсьвядомленая неабходнасьць. Мы ўсьвядомілі, што для нас гэта важна. І атрымалі незалежнасьць і свабоду ад зьнешняга сьвету, — тлумачыць ён. — Мы займаемся сваёй гаспадаркай. Нікому не перашкаджаем. У той жа час неяк дапамагаем людзям, якія маюць патрэбу ў псыхалягічнай падтрымцы ад нашых жывёл».