Людзі не змаглі перавесьці сродкі на дапамогу дзіцячаму дому-інтэрнату падчас дабрачыннага анлайн-канцэрту гурту NAVI, які праходзіў 11 чэрвеня: у 19.10 «Безгазпрамбанк» без папярэджаньня заблякаваў працу сэрвісу MolaMola.
Краўдфандынгавая плятформа MolaMola.by вечарам 11 чэрвеня страціла магчымасьць прымаць плату. Кіраўнікі плятформы сьцьвярджаюць, што рашэньне заблякаваць апэрацыі прыняло кіраўніцтва банку.
Меркавалася, што ўсе сабраныя сродкі — як мінімум 2,5 тысячы рублёў — будуць адрасна пералічаныя дзіцячаму дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця. Пра гэта сказала Свабодзе каардынатарка валянтэрскай ініцыятывы «Ёсьць справа» Вольга Дамінікевіч.
«Учора мы былі вельмі абураныя — уся каманда. Хацелася б атрымаць камэнтар „Белгазпрамбанку“, з чым зьвязана, што сэрвіс пасьля 19-й гадзіны раптоўна перастаў працаваць. Хаця б папярэдзілі днём — бо ў чацьвер увечары ў нас была дабрачынная акцыя, канцэрт гурту NAVI. Мы даўно дамовіліся з музыкамі. Увесь збор ад анлайн-канцэрту мусіў пайсьці на дамы-інтэрнаты, і людзі не змаглі перавесьці грошы. Гэта вельмі непрыгожа і прыкра», — кажа Вольга Дамінікевіч.
За паўтара месяца працы ініцыятыва «Ёсьць справа» дапамагла 30 установам з 59. У суботу дапамогу павязуць у Бялынічы, у аўторак — у Гомель і Мазыр. У лісьце чаканьня — яшчэ 10 установаў, зь якіх 4 дзіцячыя дамы-інтэрнаты для дзяцей з асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця, кажа Вольга. Да таго ж на плятформе MolaMola 40 ініцыятыў зьбіралі сродкі на барацьбу з СOVID-19, дапамогу мэдыкам, кажа валянтэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нябачныя людзі. Як валянтэры дапамагаюць дамам-інтэрнатам, дзе жыхары і пэрсанал заблякаваныя эпідэміяй каранавірусу«Мы — зусім апалітычная ініцыятыва. Мы наўпрост працуем зь дзяржавай. Я кожны дзень размаўляю з дырэктарамі дамоў-інтэрнатаў, мы ў вельмі добрых стасунках, працуем цалкам празрыста — кожную паперачку, чэк мы падшываем, усё дакумэнтуецца дзяржаўнымі ўстановамі.
2,5 тысячы рублёў не атрымалі дзеці, дарослыя, не атрымаў пэрсанал — дзяржаўныя службоўцы, на якіх найперш наша дапамога была накіраваная. Мы ж разважалі так: трэба захаваць пэрсанал, бо калі яны захварэюць — ня будзе каму працаваць, даглядаць хворых».
Вольга перакананая, што выйсьце будзе знойдзена, бо мэханізм запушчаны — і дапамога ня спыніцца, нягледзячы на такія перашкоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрусамі па прэтэндэнтах на прэзыдэнцтва. ВІДЭА«Вельмі добра, што плятформа працягвае працаваць як інструмэнт. Мы знойдзем выйсьце, ня спынімся ні пра якіх абставінах. Але гэта ўсё вельмі прыкра», — мяркуе валянтэрка.
Свабода зьвязалася зь «Белгазпрамбанкам». Параілі зьвярнуцца зь пісьмовым запытам, на які паабяцалі адказаць цягам 15 дзён.
***
У Беларусі 9 дзіцячых інтэрнатаў (каля 1400 дзяцей і маладых людзей з інваліднасьцю), 50 псыханэўралягічных інтэрнатаў (амаль 14 тысяч чалавек) і 22 дамы для вэтэранаў і інвалідаў агульнага тыпу (каля 4 тысяч).