У штаце Вашынгтон у ЗША пачата новае расьсьледаваньне гібелі яшчэ аднаго афраамэрыканца, які памёр у сакавіку пасьля затрыманьня паліцыяй. Адпаведнае распараджэньне даў губэрнатар штату.
Паліцыянты меркавана выкарыстоўвалі супраць 33-гадовага Мануэля Эліса прыём здушэньня. Відэазапіс затрыманьня афраамэрыканца апублікавалі яго сваякі. Паводле словаў адвакатаў, на запісе чуваць, як Эліс неаднаразова кажа, што ня можа дыхаць.
Паводле дадзеных судовай экспэртызы, затрыманы памёр ад спыненьня дыханьня ў выніку прымяненьня сілы. Аднак да гэтага маглі прывесьці інтаксыкацыя мэтамфэтамінам і сардэчныя захворваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрвіс HBO зьняў з адкрытага доступу фільм «Зьнесеныя ветрам» за «расавыя забабоны»
Чацьвёра паліцыянтаў, якія затрымлівалі афраамэрыканца, часова адхіленыя ад службы. Паводле іх словаў, яны ўжылі сілу вымушана. Эліс спрабаваў узламаць чужыя аўтамабілі і пры затрыманьні аказаў супраціў, сьцьвярджаюць супрацоўнікі паліцыі.
Улады штату заявілі, што забясьпечаць незалежнае расьсьледаваньне гібелі афраамэрыканца. Найбліжэйшым часам будзе вырашана, якое ведамства зоймецца новай справай аб сьмерці Эліса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская дыяспара ў ЗША выказала пратэст з нагоды апаганьваньня помнікаў Касьцюшку і ахвяраў камунізму
Інфармацыя пра новае расьсьледаваньне гібелі затрыманага зьявілася на фоне масавых акцыяў пад лёзунгам «Жыцьці чарнаскурых маюць значэньне». Пратэсты ўспыхнулі ў многіх гарадах ЗША пасьля сьмерці ў канцы траўня затрыманага паліцыяй афраамэрыканца Джорджа Флойда. Інцыдэнт здарыўся ў Мінэапалісе, штат Мінэсота.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША спрачаюцца пра «скарачэньне фінансаваньня паліцыі» — што гэта значыць?ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля гібелі Джорджа Флойда ў Мінэапалісе расфармуюць паліцыю. Што яшчэ адбываецца ў ЗША?