У Менску затрымалі актывістаў «Эўрапейскай Беларусі»

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне актывіста

Каля 17 гадзіны ў Першамайскім раёне Менску амапаўцы затрымалі чатырох актывістаў «Эўрапейскай Беларусі», паведаміў тэлеграм-канал грамадзянскай кампаніі. Гэта Міхаіл Бандарэнка, Артур Клімовіч, Арцём Чарняк і Дзьмітрый Казлоў (блогер Шэры кот).

Свабода спрабавала датэлефанавацца да Арцёма Чарняка і Дзьмітрыя Казлова, але іх мабільныя тэлефоны адключаныя. Паводле прэсавай службы «Эўрапейскай Беларусі», актывістаў, якія жывуць у адной арандаванай кватэры, затрымлівалі супрацоўнікі АМАПу.

У Telegram-канале «Эўрапейскай Беларусі» зьявіўся здымак плякатаў, зроблены насупраць будынка суду Першамайскага раёну. Аўтары плякатаў патрабуюць свабоды для актывістаў, якія адбываюць адміністрацыйны арышт у ізалятары на Акрэсьціна і ў СІЗА на Валадарскага.

Свабоды патрабуюць для Андрэя Войніча, Вольгі Мікалайчык, Максіма Вінярскага, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага.

На другім плякаце з фатаздымку ў Telegram напісана «Свабоду ўсім палітычным зьняволеным» і «Стоптаракан». Плякаты былі вывешаныя на агароджы бульвара Талбухіна насупраць суду ў другой палове дня 10 чэрвеня.

А 18 гадзіне вечара дзяжурны Першамайскага РУУС сказаў карэспандэнту Свабоды, што «пералічаных грамадзян да іх не прывозілі».

Пазьней у Менскай абласной міліцыі пацьвердзілі затрыманьне Міхаіла Бандарэнкі, Артура Клімовіча і Дзьмітрыя Казлова «ў сувязі з пастановай суду Савецкага раёну ад 30 траўня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 сутак арышту. Суды і затрыманьні 8 чэрвеня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы заявілі пра рост рэпрэсій і нагнятаньне страху падчас выбарчай кампаніі