«Я на суд не пайду з каранавірусам», — сказаў Свабодзе Віталь Смоліч.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
10 чэрвеня прызначана судовае паседжаньне ў адміністрацыйнай справе жыхара Гомля Віталя Смоліча. Яго хочуць судзіць за ўдзел у акцыі падтрымкі Сяргея Ціханоўскага 7 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якая ў нас бяспраўная краіна!» Што расказваюць блізкія затрыманых разам зь ЦіханоўскімУ Віталя пацьверджаны каранавірус. Ён быў шпіталізаваны ў лякарню хуткай мэдыцынскай дапамогі з хваробай сэрца. Туды яму прыходзілі SMS з суду з патрабаваньнем зьявіцца для разгляду справы.
«Я адказваў ім, што не магу прыйсьці, бо ляжу ў шпіталі. Мне з суду даслалі адказ па SMS, што ня могуць знайсьці мяне па тэлефоне. У нядзелю мне прыйшоў станоўчы тэст на каранавірус, і мяне выпісалі дахаты. І зноў прыйшла SMS, каб я 10 чэрвеня зьявіўся на суд», — расказаў Свабодзе Смоліч. Ён кажа, што і ня ведаў пра адміністрацыйны пратакол, а пра суд даведаўся толькі з SMS.
«Натуральна, я нікуды не пайду з каранавірусам», — дадаў актывіст.
Пасьля акцыі 7 траўня ў Гомлі супрацоўнікі АМАП затрымалі 20 чалавек. 6 удзельнікаў акцыі былі пакараныя арыштам тэрмінам на 15 сутак — Юры Ўласаў, Іван Рамязоўскі, Віталь Грыцкоў, Дзьмітрый Лукомскі, Сяргей Маслаў і Аляксей Думянкоў. Астатнія атрымалі штрафы — сумарна 1998 рублёў.
Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну пройдзе чарговае паседжаньне за акцыю 7 траўня. Будуць судзіць Алу Грэчку, сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 195 затрыманых, 719 сутак арышту, больш за 60 тысяч рублёў штрафаў і — перасьлед беларусаў за травень у лічбахПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.