Экспэрты заявілі, што газавы рынак «на дне». Беларусь лічыць, што ўдвая пераплачвае Расеі

У 2020 годзе сусьветныя газавыя рынкі перажывуць самы вялікі зафіксаваны шок попыту у сваёй гісторыі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Міжнароднага энэргетычнага агенцтва.

Як удакладняюць экспэрты, сусьветнае спажываньне газу сёлета скароціцца на рэкордную велічыню — 150 млрд кубамэтраў.

«Пандэмія COVID-19 адбілася на газавым попыце, — адзначаецца ў дакумэнце. — Спажываньне газу, як чакаецца, упадзе на 4% пад узьдзеяньнем больш нізкага попыту на ацяпленьне з прычыны цёплай зімы, абмежавальных захадаў амаль ва ўсіх краінах для запаволеньня распаўсюду каранавірусу і зьніжэньня эканамічнай актыўнасьці праз макраэканамічны крызіс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цэнавыя ўмовы канчаткова ўзгодненыя». «Газпром» адказаў на запыт Міністэрства энэргетыкі Беларусі

Адзначаецца, што, сутыкнуўшыся з гэтым беспрэцэдэнтным шокам, рынкі прыроднага газу перажываюць моцнае карэктаваньне прапановы і попыту, што прыводзіць да гістарычна нізкіх спотавых цэнаў і высокай валятыльнасьці.

Аналітыкі чакаюць, што попыт на прыродны газ паступова адновіцца ў 2021 годзе, аднак крызіс, які пачаўся праз COVID-19, можа мець больш доўгатэрміновыя наступствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газпром» назваў суму, якую Беларусь яму вінная, і ўмовы пачатку перамоваў пра цэны ў 2021 годзе

З улікам такіх працэсаў на сусьветных рынках кіраўніцтва Беларусі неаднаразова зьвярталася да ўраду Расеі з просьбай перагледзець цэны на прыродны газ. Аднак у Маскве лічаць, што няма ніякіх паставаў да перагляду кантрактаў, падпісаных сёлета ў лютым.

Цяпер Беларусь набывае расейскі газ па 127 даляраў за 1000 кубамэтраў, у Менску лічаць, што цана звышаная як мінімум удвая.