У Бурундзі, што ў Цэнтральнай Афрыцы, памёр 55-гадовы прэзыдэнт П'ер Нкурунзіза. Прычынай сьмерці названы сардэчны прыступ. У мінулую суботу, 6 чэрвеня, Нкурунзіза адчуў сябе блага, быў дастаўлены ў клініку, дзе памёр у панядзелак, 8 чэрвеня.
Ад каранавірусу «бароніць Усявышні»
У апошнія месяцы Нкурунзізу крытыкавалі за адсутнасьць захадаў у барацьбе з каранавірусам, адзначае BBC. Замест увядзеньня карантыну ён заявіў, што народ Бурундзі бароніць Усявышні.
Паводле некаторых зьвестак, удава Нкурунзізы трапіла ў шпіталь з дыягназам COVID-19, але ці заразіўся сам прэзыдэнт, не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Youtube апублікаваў сьпіс забароненых тэмаў пра COVID-19. У іх ліку «народныя сродкі» лячэньняУ разгар пандэміі каранавірусу — 20 траўня — у Бурундзі прайшлі прэзыдэнцкія выбары, на іх атрымаў перамогу выбраны Нкурунзізам пераемнік Эварыст Ндаішыміе.
Замест чацьвёртага прэзыдэнцкага тэрміну хацеў стаць «вярхоўным правадыром патрыятызму»
Нкурунзіза 15 гадоў узначальваў адну з самых слабаразьвітых дзяржаваў сьвету з насельніцтвам у 9 мільёнаў чалавек. Ён неаднаразова заяўляў, што кіруе па волі Бога.
Канстытуцыя Бурундзі абмяжоўвае знаходжаньне на вышэйшай пасадзе двума пяцігадовымі тэрмінамі. Аднак у 2015 годзе Нкурунзіза абвясьціў пра намер ісьці на трэці тэрмін, бо на першы тэрмін быў выбраны парлямэнтам, а ня ўсімі грамадзянамі. У краіне паднялася хваля незадаволенасьці, армія паспрабавала скінуць прэзыдэнта, але ўсе выступленьні апанэнтаў былі здушаныя, загінула каля 1200 чалавек, а 200 тысяч уцяклі ў суседнія краіны.
У 2018 годзе прэзыдэнт Бурундзі зьмяніў Канстытуцыю, павялічыўшы працягласьць прэзыдэнцкага тэрміну да сямі гадоў. Ён мог бы балятавацца зноў, але заявіў, што на чацьвёрты тэрмін ня пойдзе, а прыме тытул «вярхоўнага правадыра патрыятызму». Паводле ягонай задумы, будучыя ўлады былі б абавязаныя кансультавацца зь ім у тым, «патрыятычнае» ці «непатрыятычнае» нейкае рашэньне або плян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветная арганізацыя здароўя: сытуацыя з каранавірусам глябальна пагаршаецца, насіце маскі