На судзе ў справе аб катастрофе «Боінгу» Малайзійскіх авіяліній над Данбасам 17 ліпеня 2014 году, які праходзіць у Нідэрляндах, бок абвінавачваньня працягнуў прыводзіць свае доказы.
Абвінавачванне разабрала, чаму сьледзтва адпрэчыла розныя тэорыі аб катастрофе, якія падтрымлівалі у тым ліку афіцыйныя прадстаўнікі Расеі. Гаворка, у прыватнасьці, аб сьцвярджэньнях, што «Боінг» мог быць зьбіты украінскімі вайскоўцамі. Сьледзтва прааналізавала дадзеныя радараў: ніводзін украінскі радар у зоне катастрофы ў момант яе не працаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе абвінавачаныя ў справе MH17 павінны паўстаць перад судом, — Дзярждэпартамэнт ЗШААбвінавачваньне знайшло чалавека, які выдаваў сябе за «гішпанскага дыспэтчара Карляса», які нібыта паведаміў пра ўкраінскія самалёты побач з «Боінгам». Ён прызнаўся, што не працуе дыспэтчарам, а за хлусьню яму заплацілі.
Дадзеных вайсковых радараў Расея сьледчай групе не перадала, расейскі бок таксама паведаміў, што спадарожнікавыя здымкі таксама не захаваліся. Сьледзтва таксама адхіліла выказаную расейскім канцэрнам «Алмаз-Антэй» вэрсію пра тое, што «Боінг» мог быць зьбіты з тэрыторыі, кантраляванай Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэгеран: арыштавалі сьведку, які зьняў, як зьбілі ўкраінскі «Боінг»Абвінавачваньне таксама расказала пра высновы сьледзтва аб перамяшчэньні ўстаноўкі «Бук», зь якой меркавана быў зьбіты «Боінг», з Расеі ў раён Сьнежнага на тэрыторыі, падкантрольнай прарасейскім сэпаратыстам, і назад у Расею. Прынамсі двое сьведак расказалі, што бачылі пуск ракеты 17 ліпеня.
Абвінавачаньні ў катастрофе завочна прад’явілі тром грамадзянам Расеі і аднаму грамадзяніну Ўкраіны, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях супраць украінскіх войскаў на Данбасе ў 2014 годзе. Ніводзін зь іх на судзе не прысутнічае. Паводле сьледзтва, у справе могуць зьявіцца і іншыя абвінавачаныя, у тым ліку зьвязаныя з расейскімі Ўзброенымі сіламі.
Пры катастрофе «Боінга» загінулі ўсе 298 чалавек, якія былі на борце.