Прафэсар гісторыі Дэйвід Марплз — спэцыяліст у пытаньнях Беларусі і Ўкраіны, працуе ва Ўнівэрсытэце Альбэрты ў Эдмантане. Свабода пагаварыла з канадзкім палітолягам пра чаканьні ад беларускай выбарчай кампаніі.
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сьцісла:
- Вынік выбараў-2020 «прадвызначаны».
- Сьвятлана Ціханоўская не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі.
- «Слабы Лукашэнка» як прэзыдэнт у Менску больш прымальны для Масквы, чым «непрадказальны» Бабарыка.
- Маштаб вулічнай актыўнасьці беларусаў пакуль не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі.
- Захад наўрад ці рэзка адрэагуе на чарговую «элегантную перамогу» Лукашэнкі, калі ў кампаніі ня будзе сьмяротных ахвяраў.
— Мяркуючы па тым, што цяпер можна назіраць у Беларусі, што вы скажаце пра прэзыдэнцкія выбары 2020: іх вынік загадзя вядомы, як яно было ўжо чатыры разы ў гэтым стагодзьдзі, ці ўсё ж не, і застаецца нейкая няпэўнасьць адносна таго, што насамрэч адбудзецца ў жніўні?
— Я б не сказаў, што гэта загадзя вядомая справа, але я думаю, што канчатковы вынік выбараў прадвызначаны, як было і раней. Усё тое, што было на папярэдніх выбарах, паўтараецца і на цяперашніх. Адзіная розьніца гэтым разам, як думаю, у якасьці і разнастайнасьці контракандыдатаў Лукашэнкі, якія праводзяць даволі эфэктыўную кампанію.
Як мне здаецца, Лукашэнка гэтым разам крыху больш напалоханы, чым раней, таму што пагроза зыходзіць і ад прэтэндэнтаў, прынамсі ад двух прадстаўнікоў намэнклятуры. Цяпер цяжэй абвінаваціць кандыдатаў у тым, што яны — «пятая калёна», фінансаваная немаведама кім і адкуль. У кожным разе, як мне здаецца, Лукашэнка цяпер больш перапалоханы, чым у 2015 годзе, калі ён ня меў сур’ёзных апанэнтаў на выбарах.
Сёлетняя сытуацыя крыху нагадвае выбары 2010 году. І яна яшчэ нагадвае мне 2017 год, калі пачаў дзейнічаць «дармаедзкі дэкрэт» і людзі пачалі спантанна выходзіць на вуліцы пратэставаць. Такую спантаннасьць я бачу і цяпер, калі людзі выходзяць на вуліцу, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. І я думаю, што сёлетняя пагроза для Лукашэнкі большая, чым тыя дзьве ранейшыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль ня бачу сур'ёзных прыкмет, што сыстэма затрашчала», — сацыёляг Манаеў— Найдаўжэйшыя чэргі стаяць перад пікетамі, дзе зьбіраюць подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Але людзі такім чынам насамрэч падтрымліваюць яе мужа-блогера, якога на выбары не пусьцілі. Як вы лічыце, Святлана Ціханоўская будзе сур’ёзнай пагрозай для Аляксандра Лукашэнкі, калі прыняць, што яе зарэгіструюць?
— Насамрэч, не. Яе ўдзел у выбарчай кампаніі — гэта ў першую чаргу падтрымка мужа, а таксама мэсыдж для людзей, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары, як і ранейшыя, — фэйкавыя, бутафорскія. Але гэта важны ўдзел, таму што дзякуючы яму беларусы пачынаюць выходзіць на вуліцы і задумвацца над альтэрнатывай. Лукашэнка ж ня вечны, і раней ці пазьней ён сыдзе, калі не ў 2020, то ў 2030. І што далей?
Атмасфэра гэтай выбарчай кампаніі нагадвае мне крыху атмасфэру прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году, калі я быў у Беларусі. Розьніца толькі ў тым, што тады ніхто ня ведаў, які з кандыдатаў пераможа, а цяпер вынік, на жаль, прадвызначаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто пераможа на выбарах у Беларусі: Расея ці Захад?— Калі не Ціханоўскай, то каго найбольш баяцца Лукашэнку — Цапкалы, Бабарыкі?
— Я думаю, якраз гэтых абодвух. У 2010 годзе была крыху падобная сытуацыя да сёлетняй, тады таксама былі два моцныя апанэнты Лукашэнкі: Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў. Але рэч у тым, што сёлета ніякага другога туру ня будзе, як не было яго 10 гадоў таму.
Лукашэнка ўсьведамляе, што перамога для яго з афіцыйным вынікам 50–55%, хай бы ён быў і не сфальшаваны, — гэта насамрэч параза, якая пашле дрэнны мэсыдж насельніцтву. Яму трэба вынік 70–75%. Таму, кажучы пра тое, што Бабарыка і Цапкала — найбольшая пагроза для Лукашэнкі, трэба мець на ўвазе, што гэтая пагроза ніяк не адлюструецца ў афіцыйных выніках выбараў.
— А хто, па-вашаму, больш на руку Маскве — Лукашэнка ці, скажам, Бабарыка?
— Лукашэнка. Бо Бабарыка не такі прадказальны, як Лукашэнка, і няясна, куды б ён павёў Беларусь. Я ня думаю, што тое, якім чынам праходзяць выбары ў Беларусі, мае для Масквы нейкае важнае значэньне. На маю думку, Масква хацела б, каб прэзыдэнцкую пасаду ў Менску захаваў Лукашэнка, але слабы Лукашэнка, які будзе ўвесь час патрабаваць дапамогі Расеі.
Дарэчы, гэта заўсёды была сытуацыя, якой Масква аддавала перавагу. Ня толькі ў выпадку Беларусі, але і Ўкраіны. У Менску і Кіеве Маскве патрэбныя слабыя кіраўнікі, якіх лёгка кантраляваць. А Лукашэнка цяпер выглядае значна слабейшым, чым шэсьць месяцаў таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масква зацікаўленая кампрамэтаваць Лукашэнку ў вачах Захаду». Польскі аналітык пра беларускія выбары— Што вы думаеце наконт прынятай Лукашэнкам тактыкі змагацца са сваімі апанэнтамі сілавымі мэтадамі і грубай мовай, як нярэдка бывала ў мінулым? Ці спрацуе гэтая тактыка і сёлета?
— Яна можа працаваць да пэўнай ступені. Эфэктыўнасьць гэтай тактыкі залежыць ад памераў пратэставага патэнцыялу ў Беларусі. Зразумела, Лукашэнка не завагаецца паслаць на вуліцы спэцназ супраць пратэстоўцаў, як ён рабіў ня раз у мінулым. Але пытаньне тут, ці будуць гэта такія пратэсты, як, напрыклад, пратэсты супраць Януковіча ва Ўкраіне, калі на вуліцы выходзіла сотня тысяч чалавек?
Я ня думаю, што мы нешта такое маштабнае ўбачым у Беларусі сёлета. Апошнія такія пратэсты, калі на вуліцу выходзіла сотня тысяч чалавек, у Беларусі мы бачылі ў 1990-м. Мяркуючы па тым, колькі людзей выходзіць на вуліцы ў Менску сёньня, гэта ня той маштаб, які ўяўляе сур’ёзную пагрозу для ўладаў. Гэта, вядома, сыгнал і для ўлады, і для ўсіх беларусаў, што ў краіне патрэбныя зьмены, але я ня думаю, што гэтыя зьмены наступяць ужо цяпер.
— Як, па-вашаму, павінен рэагаваць на Лукашэнку і яго цяперашнія паводзіны Захад? Безумоўна, павінна быць, і напэўна будзе, крытыка. Але калі Лукашэнка гэтым разам здушыць акцыі пратэсту сілай і «арганізуе» чарговую перамогу на выбарах, то ці павінен Захад аднавіць санкцыі, ці, можа, лепш яму паспрабаваць адцягнуць Лукашэнку крыху далей ад Расеі? Ну бо цяпер, як выглядае, адносіны Менску з Масквой горшыя, чым калі-небудзь раней…
— Гэта залежыць ад пэрспэктывы, зь якой паглядзець на дачыненьні Лукашэнкі з Захадам.
У кароткай пэрспэктыве разумней было б паспрабаваць адцягнуць яго крыху далей ад Расеі, тым больш што за апошнія гады быў зроблены адчувальны прагрэс у дыялёгу Захаду зь Беларусьсю. Хаця трэба сабе ўсьведамляць і тое, што Эўропа сёньня ня мае адзінай пазыцыі наконт усходняй палітыкі і таго, як паводзіць сябе ў дачыненьні да аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў на постсавецкай прасторы. Адны хочуць збліжэньня з Масквою, іншым зручней дамаўляцца з Лукашэнкам, чым з Пуціным.
У даўжэйшай пэрспэктыве, па-мойму, для Захаду было б лепш аднавіць санкцыі і паставіцца да Лукашэнкі як да адшчапенца ў Эўропе.
Я ня думаю, што эўрапейская рэакцыя на тое, як Лукашэнка праводзіць гэтыя выбары, будзе вельмі рэзкай. Хіба што падчас пратэстаў загінуць людзі, будуць чалавечыя ахвяры. Тады, безумоўна, сытуацыя будзе выглядаць зусім інакш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не дэжавю». Беларускія выбары 2020 вачыма польскага аналітыка— У чым галоўная праблема так званай дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі? Чаму яна такая непапулярная сярод простых беларускіх выбарнікаў? Чаму беларусы масава прыходзяць падтрымаць чалавека, які год таму быў практычна нікому не вядомы, і ігнаруюць тых палітычных актывістаў, якія дзесяцігодзьдзямі выступалі супраць Лукашэнкі і ня раз траплялі ў турму?
— Добрае пытаньне. Адразу можна адказаць наступнае: людзі стаміліся глядзець на тыя самыя твары і слухаць больш-менш такі самы мэсыдж столькі гадоў (сьмяецца)… Мне здаецца, што некаторыя з тых апазыцыянэраў, якія кіравалі сваімі партыямі доўгія гады, страцілі сувязь са звычайнымі людзьмі ў Беларусі. У 2010-м, калі Андрэй Саньнікаў паехаў у правінцыю, каб пагаварыць зь людзьмі ў малых гарадках і вёсках, гэта ўспрымалася як нешта незвычайнае.
Такі чалавек, як Сяргей Ціханоўскі, блог якога мае дзьвесьце тысяч падпісчыкаў, — ён сапраўды вядомы ў народзе. Ён сапраўды мае за сабой натоўп і прыцягвае народную ўвагу.
Нядаўна я глядзеў відэаблог брытанскага блогера зь мянушкай Bald and Bankrupt. Ён вандраваў па Беларусі зь відэакамэрай і запісваў усё, што бачыў. І яго блог мае недзе каля мільёна падпісчыкаў у Беларусі. Гэта паказвае, як можна дайсьці да людзей у Беларусі — праз сацыяльныя сеткі. Гэтыя мэдыя Лукашэнка насамрэч ніколі не выкарыстоўваў для сваіх мэтаў. Я думаю, што такія мэдыя, як YouTube, Instagram і Twitter, сёньня значна больш эфэктыўныя, чым старасьвецкая палітычная прапаганда ў стылі 1990-х.
Мне здаецца, што праблема тут таксама ў тым, за кім сёньня гатовыя пайсьці малодшыя пакаленьні беларусаў. Возьмем прыклад Паўла Севярынца, які цяпер зноў апынуўся ў вязьніцы. Ягоны палітычны мэсыдж дзеліць маладых беларусаў, таму што некаторыя не прымаюць яго кансэрватыўна-хрысьціянскія погляды на грамадзтва, якія знаходзяцца ў выразнай апазыцыі да, скажам так, больш адкрытага сацыяльна-дэмакратычнага мэсыджа, які значна бліжэйшы большасьці беларусаў.
Калі паспрабуем прааналізаваць палітычную лінію Лукашэнкі, дык заўважым, што ён недзе пасярэдзіне паміж сацыял-дэмакратамі і цьвердалобымі кансэрватарамі. Мне здаецца, што сацыял-дэмакратычны рух мае значна большы шанец мабілізаваць беларусаў, чым кансэрватыўная хрысьціянска-дэмакратычная праграма. Праблема беларусаў цяпер — гэта ўжо ня толькі Лукашэнка, але і разыходжаньні ў палітычных поглядах грамадзтва, якія цяпер выходзяць навонкі. Сытуацыя насамрэч больш складаная, чым яна выглядае на паверхні.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.