Лукашэнка сабраў сілавікоў з нагоды выбараў і расказаў, як адрэагуе на «Плошчу»

Аляксандар Лукашэнка прымае вайсковы парад, 9 траўня 2020 году

Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу дзяржаўным органам сыстэмы бясьпекі захаваць стабільнасьць у краіне, забясьпечыць законнасьць і правапарадак.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Заява прагучала падчас нарады ў пытаньнях дзейнасьці дзяржаўных органаў нацыянальнай бясьпекі, перадае БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня КДБ хадзіў да Лукашэнкі з дасье пэнсіянэркі, якая праславілася пасьля стрыму Ціханоўскага

«Вы бачылі, як супэрдэмакратычныя дзяржавы абышліся з пратэстоўцамі»

«Дэмакратыя дэмакратыяй, але сваволі быць не павінна, — казаў Лукашэнка. — І ня будзе. Вы бачылі, у Злучаных Штатах, Заходняй Эўропе як супэрдэмакратычныя дзяржавы абышліся з пратэстоўцамі.

Галоўная задача дзяржаўных органаў сыстэмы нацыянальнай бясьпекі — захаваць стабільнасьць у краіне, забясьпечыць законнасьць і правапарадак. Тое, чаго ад вас патрабуюць Канстытуцыя і закон».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі тысяч амэрыканцаў працягваюць выступаць супраць расізму і жорсткасьці паліцыі 

«Вакол парушэньні заканадаўства, больш за тое, этычных нормаў, абразы​»

Паводле Лукашэнкі, нездарма асноўная ўвага цяпер надаецца правядзеньню выбарчай кампаніі.

«Усяго тры тыдні як стартавала гэтая выбарчая кампанія, а ўжо сёньня бачым, што далёка ня ўсе кандыдаты ў кандыдаты маюць намер прайсьці гэты шлях цывілізавана, — заявіў ён сілавікам. — Вакол парушэньні заканадаўства, больш за тое, этычных нормаў; абразы, выпады ў бок улады.

Ёсьць і такія, хто лічыць, што для дасягненьня мэты ўсе сродкі добрыя. Тое, што ў барацьбе за сымпатыі насельніцтва яны выкарыстоўваюць выключна папулісцкія лёзунгі і нічым не падмацаваныя абяцаньні, — гэта хай разьбіраюцца самі людзі. Народ разьбярэцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскаму і яго паплечнікам выставілі абвінавачаньне ў «падрыхтоўцы парушэньня парадку». Пагражае да 3 гадоў турмы

Лукашэнка зьвярнуў увагу на недапушчальнасьць ператварэньня збору подпісаў у несанкцыянаваныя мітынгі і масавыя мерапрыемствы з «парушэньнем усіх мажлівых і неймаверных законаў і нормаў маралі».

Ён заявіў, што дапусьціць парушэньняў закону нельга, бо «пасьля давядзецца за гэта вельмі дорага заплаціць».

І спаслаўся на прыклад Украіны. Закон павінен быць бездакорна выкананы, падкрэсьліў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў «нагадаць», як ва Ўзбэкістане расстралялі дэманстрантаў. Што было ў Андыжане?

За пагрозы дзяржаўным службоўцам — крымінальную справу

Лукашэнка запатрабаваў прыцягваць людзей да адказнасьці за «факты агрэсіўных дзеяньняў да прадстаўнікоў органаў правапарадку» і пагрозы дзяржаўным службоўцам. Паводле яго, цяпер «з усіх бакоў сыплюцца пагрозы» як «людзям у пагонах», так і ў адрас «дзяржаўных службоўцаў, кіраўнікоў участковых камісіяў, якія праводзілі парлямэнцкія выбары, у адрас іх семʼяў».

На гэтыя пагрозы Лукашэнка папрасіў «зьвярнуць самую сур’ёзную ўвагу» генэральнага пракурора, старшыню Сьледчага камітэту і міністра ўнутраных справаў. Ён нагадаў, што такія пагрозы — крымінальнае правапарушэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына зьвярнулася ў Сьледчы камітэт, угледзела пагрозы сабе

«Пасьля яны сфармуюць каманды баевікоў...»

На думку Лукашэнкі, падзеі разьвіваюцца паводле «загадзя прадуманага сцэнару», а ва ўдзельнікаў «гаспадары з грашыма». Спачатку, сказаў ён, прадстаўнікі ініцыятыўных групаў «злоўжываюць правам на правядзеньне пікетаў для расхістваньня сытуацыі і дэстабілізацыі абстаноўкі».

«Потым яны сфармуюць каманды і групы баевікоў, якія, ня выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы, — спрагназаваў Лукашэнка. — Да гэтага яны і заклікаюць людзей. Чаму тут зьдзіўляцца? Чаго так усё дзівяцца: „Як Лукашэнка адкажа“? Адказ будзе адзін, вы добра разумееце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дохлыя пацукі і дымавыя шашкі Някляева. Як і з чаго ў Беларусі пачыналіся рэпрэсіі

Плошча-2010 у Менску. Як гэта было. ФОТА

Пытаньне «як Лукашэнка адкажа» ён прамовіў па-беларуску, астатняе гаварыў на расейскай мове. Ён дадаў, што «мы гэта ўжо праходзілі», «не дапусьцілі расколу тады ў грамадзтве, не дапусьцім і цяпер».

«Нашым людзям ня варта залішне напружвацца і перажываць, — адзначыў Лукашэнка. — Мы павінны забясьпечыць кожнаму чалавеку магчымасьць спакойна хадзіць па сваёй зямлі, а бацькам, як гэта заўсёды было ва ўсіх нашых гарадах, спакойна ня проста хадзіць па зямлі, а з маленькімі дзеткамі за руку ў любы час дня, і ганарыцца сваёй краінай. Краіна павінна быць спакойнай, нягледзячы ні на якія вострыя сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына не пабачыла пагрозаў у абяцаньні Лукашэнкі «нагадаць» пра расстрэлы дэманстрантаў

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.