У Кангрэс ЗША ўнесьлі законапраект аб рэформе паліцыі і расавай справядлівасьці

Чальцы Кангрэсу ЗША падчас хвіліны маўчаньня, 8 чэрвеня

Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў прадставілі законапраект, мэта якога вырашыць праблему расавай несправядлівасьці пры паліцэйскім кантролі ў ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У выпадку прыняцьця «Закон аб паліцэйскім правасудзьдзі» зьменіць шэраг цяперашніх практык, напрыклад:

  • Выключыць абарону супрацоўнікаў паліцыі і папраўчых устаноў у рамках «кваліфікаванага імунітэту», які абараняе службовых асобаў, дзеяньні якіх былі прызнаныя незаконнымі, у тым ліку ў выпадках прымяненьня празьмернай сілы.
  • Умацуе абарону грамадзянскіх правоў, зрабіўшы паліцыю адказнай за парушэньні канстытуцыі, якія робяцца «сьвядома ці зь безразважным пагарджаньнем».
  • Абмяжуе ўжываньне агню на паразу ў сытуацыях, у якіх гэта лічыцца неабходным і калі іншыя варыянты былі вычарпаныя (цяпер афіцэрам дазволена самім вызначаць, што агонь на паразу зьяўляецца адзіным варыянтам, калі паліцыянт верыць, што сутыкнуўся з пагрозай).
  • Абавяжа Міністэрства юстыцыі ЗША стварыць рэестар неправамерных дзеяньняў супрацоўнікаў паліцыі. У ім будуць зьмяшчацца скаргі на фэдэральныя і мясцовыя праваахоўныя органы, а таксама вынікі праверак, дысцыплінарныя спагнаньні і да таго падобнае. Гэты крок закліканы зрабіць немагчымым пераход афіцэраў, звольненых за правіны, на аналягічныя пасады ў іншыя аддзелы.
  • Забароніць праверкі паводле расавай прыкметы на ўзроўні фэдэральных праваахоўных органаў і патрабуе ад мясцовай паліцыі, якая атрымлівае фэдэральныя гранты, даць сьведчаньні, якія пацьвярджаюць ліквідацыю падобных практык, для атрыманьня фінансаваньня.
  • Увядзе забарону на фэдэральным узроўні на выкарыстаньне ўдушша і ціску на сонную артэрыю, напрыклад каленам на шыю, што прывяло да сьмерці Джорджа Флойда. Праваахоўныя органы ў штатах будуць дыскваліфікаваныя пры атрыманьні фэдэральных грантаў, калі не ўвядуць забароны на падобныя практыкі.
  • Забароніць выкарыстаньне фэдэральных ордэраў «без груку» пры правапарушэньнях, зьвязаных з наркотыкамі, і дыскваліфікуе ўправы паліцыі, якія не адмовіліся ад такой практыкі, ад атрыманьня фэдэральных грантаў. Паліцыя ў Луісьвілі, штат Кентукі, сёлета забіла 26-гадовую Брэону Тэйлар, выконваючы судовы ордэр на ператрус яе кватэры.
  • Запатрабуе ад афіцэраў фэдэральных праваахоўных органаў насіць нацельныя камэры.
  • Абмяжуе перадачу вайсковай зброі і абсталяваньня мясцовым аддзяленьням паліцыі. Выключэньне складаюць контратэрарыстычныя апэрацыі і не датычацца апэрацый для кантролю за абарачэньнем наркотыкаў або апэрацыі, зьвязаныя з гарантаваньнем бясьпекі на мяжы.
  • Дасьць міністэрству юстыцыі выдаваць позвы ў рамках расьсьледаваньняў, зьвязаных зь неправамернымі дзеяньнямі паліцыі, і дае на наступныя дзесяць гадоў 100 мільёнаў даляраў у выглядзе грантаў на фінансаваньне падобных расьсьледаваньняў генэральнымі пракурорамі штатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі тысяч амэрыканцаў працягваюць выступаць супраць расізму і жорсткасьці паліцыі 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля гібелі Джорджа Флойда ў Мінэапалісе расфармуюць паліцыю. Што яшчэ адбываецца ў ЗША?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусаў паліцэйскім гвалтам не зьдзівіць». Беларускі з Лос-Анджэлесу і Мінэапалісу аб пратэстах у ЗША