Пастаянны дакладчык Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі, дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус 8 чэрвеня зьвярнуўся да віцэ-старшыні Эўрапейскай камісіі, вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпа Барэля з просьбай адрэагаваць на рэпрэсіі ў дачыненьні да дэманстрантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
У лісьце кіраўніку дыпляматыі Эўразьвязу, копію якога эўрапейскі дэпутат перадаў агенцтву БелаПАН, адзначаецца, што «на фоне росту колькасьці грамадзян, якія кідаюць выклік утрыманьню ўлады прэзыдэнтам Лукашэнкам, пэрспэктывы свабодных і справядлівых выбараў выглядаюць бязрадасна: у рэжыму відавочна няма намеру стварыць раўнапраўныя ўмовы для кандыдатаў ці разгледзець даўнія рэкамэндацыі Вэнэцыянскай камісіі БДІПЧ АБСЭ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Ціханоўскі прабудзе за кратамі да дня выбараўАўштравічус зьвяртае ўвагу, што пра гэтыя праблемы гаворыцца і ў апошняй справаздачы спэцыяльнай дакладчыцы ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, у якой яна «выказвае сур’ёзную занепакоенасьць з нагоды пастаянных парушэньняў у краіне асноўных свабодаў — мірных сходаў, свабоды меркаваньняў і іх выказваньня».
«На працягу апошніх чатырох гадоў Эўразьвяз, дзейнічаючы ў духу "крытычнага ўзаемадзеяньня", працягнуў Менску руку — падпісаў пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія ўступяць у сілу 1 ліпеня, падвоіў абʼём сваёй дапамогі і ступень уключэньня ў тэхнічныя перагаворныя працэсы па канкрэтных пытаньнях. Тым ня менш беларускі рэжым сваіх абяцаньняў не выканаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынцу — 15 сутак. Жонку з малым сынам не пусьцілі на судАўштравічус заклікаў «наколькі гэта магчыма, перанакіраваць наяўныя сродкі арганізацыям грамадзянскай супольнасьці, якія адданыя яго каштоўнасьцям. Гэты можа выявіцца складаным з улікам таго, што беларускія ўлады нядаўна ўвялі абмежаваньні ў адносінах міжнароднай дапамогі субʼектам грамадзянскай супольнасьці. Тым не менш я лічу, што ЭЗ павінен прынамсі больш актыўна выказвацца пра імклівае здушэньне свабод, выразна выказваючы салідарнасьць з ахвярамі рэпрэсій і безумоўна асуджаючы арышты актывістаў, сябраў апазыцыі і кандыдатаў у прэзыдэнты»
Дакладчык таксама заявіў, што «глыбока занепакоены абуральнымі спробамі дзяржаўных чыноўнікаў і праўладных СМІ прадставіць фінансавую і тэхнічную дапамогу ЭЗ доказам таго, што ЭЗ аказвае падтрымку Лукашэнкі ці падае яму нейкі карт-блянш». Такія «зламысныя спробы дэзынфармацыі», на яго думку, «могуць паўплываць на імідж і палітычны рэйтынг ЭЗ, як унутры Беларусі, так і за яе межамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэратара Ціханоўскага абвінавачваюць у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадакАўштравічус лічыць, што ЭЗ павінен пачаць перагляд палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, у тым ліку «прадугледзець санкцыі ў дачыненьні да службовых асоб і іншых вінаватых у парушэньнях правоў чалавека і асноўных свабод, калі эскаляцыя гвалту не аслабне, а прэзыдэнцкія выбары будуць праведзены ў катастрафічных абставінах».
«Прымаючы пад увагу важнасьць і ўлічваючы хуткае пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі, я заклікаю вас неадкладна адрэагаваць, накіраваўшы выразны і рашучы сыгнал беларускім уладам», — заклікаў эўрапарлямэнтар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпа Барэля.