Падчас пікету ў Менску 7 чэрвеня затрымалі двух хлопцаў — Аляксея Вісьцяжа і Дзьмітрыя Ражкова. Абодва — пераможцы міжнародных студэнцкіх алімпіяд па праграмаваньні, бралі ўдзел у спаборніцтвах як студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
22-гадовы Аляксей Вісьцяж зь Іўя, цяпер працуе ў Менску ў адной зь фірмаў, таму ва ўнівэрсытэце на трэцім курсе ўзяў акадэмічны адпачынак.
«Аляксей запатрабаваны на працы. Ён з 8-й клясы браў удзел у алімпіядах. На алімпіядзе ў Казахстане заваяваў бронзавы мэдаль, у Тайвані срэбны мэдаль. На чэмпіянаце сьвету па праграмаваньні ў Тайляндзе занялі з хлопцамі 17 месца, на чэмпіянаце ў Амэрыцы — 23 месца. Але трапіць туды было вельмі складана, там вельмі вялікі конкурс. Там на алімпіядзе быў і Дзьмітры Ражкоў. Хлопцы вельмі таленавітыя», — кажуць сваякі Аляксея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду зьбіралі подпісы на Камароўцы. ФОТА, ВІДЭАПра затрыманьне Аляксея яны даведаліся ад сябра. Апошні раз дасяжны ён быў а 16-й гадзіне 7 чэрвеня.
«Нам скінулі фатаздымак, як іх затрымлівалі, яны ішлі каля гандлёвага цэнтру „Сылюэт“, нікога не чапалі, не мацюкаліся. Падбеглі дзесяць чалавек і затрымалі. Яны нідзе не выступалі, не крычалі, ішлі дахаты. Такога бяспраўя не павінна быць, кожны мае права выказацца. Я супраць такіх рэпрэсій, затрыманьняў. Кожны мае права голасу», — кажуць сваякі.
Аляксея затрымалі ўпершыню, раней ён і не хадзіў на такія пікеты.
Сваякі кажуць, што Аляксей павязаў бел-чырвона-белы сьцяг на плечы. Сёньня яго павінны судзіць праз Skype пасьля 14.00 (суд Першамайскага раёну). Аляксей сябруе зь Дзьмітрыем Ражковым са Жлобіна, які заканчвае ўнівэрсытэт і зьбіраецца вучыцца далей у магістратуры.
Праграмаваньнем ён захапіўся са школы. З першага курсу ўнівэрсытэту асвоіў мовы праграмаваньня Ruby, Python, Java і C#, удзельнічаў у чэмпіянаце сьвету па праграмаваньні. У 2018 годзе разам з камандай выйшаў у фінал ICPC (Міжнародны чэмпіянат сярод студэнтаў. — РС).
«Гэта бяспраўе, надакучыла, трэба з гэтым канчаць. Хапаюць людзей! Што гэта за бардак такі, „краіна для жыцьця“ называецца. Як толькі людзі выйдуць на вуліцу, хапаюць людзей. Хочацца нармальнага, добрага жыцьця. Мы падпісваліся за ўсіх кандыдатаў, апроч аднаго», — кажуць сваякі Аляксея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Камароўцы, дзе праходзіць пікет па зборы подпісаў, пачаліся затрыманьні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 сутак арышту. Суды і затрыманьні 8 чэрвеняПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.