У розных гарадах Беларусі 8 чэрвеня праходзяць суды над актывістамі, затрыманымі ў мінулыя выходныя на перадвыбарчых пікетах
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», агулам затрымана каля 40 чалавек, частку пакінулі ў ізалятарах часовага ўтрыманьня да судоў. Сярод затрыманых актывісты «Народнай грамады», «Эўрапейскай Беларусі», валянтэры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду зьбіралі подпісы на Камароўцы. ФОТА, ВІДЭАСуды
У Менску судзяць затрыманых падчас і пасьля нядзельнай акцыі ля Камароўскага рынку, а таксама затрыманых прэвэнтыўна.
У Менску
- Вольга Мікалайчык — 15 сутак. Суд Першамайскага раёну. Затрымалі пасьля акцыі на Камароўцы.
- Алег Баброўскі — 20 сутак і штраф. Суд Савецкага раёну. Сябар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
- Павал Севярынец — 15 сутак. Суд Фрунзенскага раёну. Яго асудзілі за ўдзел у несанкцыяванай акцыі (10 сутак) і непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі (5). Напярэдадні яго затрымалі каля свайго дому пасьля выступу на пікеце каля Камароўскага рынку.
- Валянцін Фралоў — 14 сутак. Суд Савецкага раёну. Актывіст, сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай, 7 чэрвеня зьбіраў за яе подпісы.
У Віцебску
- Алена Янушкоўская — 1080 рублёў штрафу.
- Алег Паўлаў — 5 сутак.
У Гомлі
- Аляксей Думянкоў — 15 сутак за супраціў міліцыі. Яго затрымалі каля дому міліцыянты ў цывільным.
- Юры Ўласаў — 15 сутак за хуліганства і непадпарадкаваньне. Гэта трэці запар прысуд Уласаву. Ён за кратамі з 7 траўня. Агульны тэрмін арышту — 45 сутак.
Затрыманых каля цэнтру «Сылюэт» Дзьмітрыя Ражкова, Аляксея Вісьцяжа, Ільлю Латужку і Віталя Карніенку будуць судзіць праз Skype у судзе Першамайскага раёну.
У Віцебску чакаюцца суды над затрыманымі ў пятніцу Аленай Янушкоўскай, Алегам Паўлавым, Аляксандрам Якушковым. Таксама будуць судзіць Аляксандра Мацеюка, валянтэра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нядзельныя затрыманьні: пяць хвілінаў відэа пра тое, як гэта адбываласяЗатрыманьні
Да вызваленага на мінулым тыдні зь СІЗА Сяргея Калмыкова 8 чэрвеня прыехалі супрацоўнікі міліцыі і забралі яго ў Ленінскі РАУС Горадні. Сказалі, што ён мусіць азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, пасьля чаго яго чакае суд.
Ён праходзіць сьведкам у крымінальнай справе, заведзенай пасьля затрыманьня 20 траўня ў Горадні блогера Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў.
У Горадні на пікеце на Савецкай плошчы каля 17-й гадзіны затрымалі Юлію Карначаву, якая зьбірала подпісы, паведаміла сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Каракіна. Міліцыянт сказаў Карначовай, што ў дачыненьні да яе вядзецца адміністратыўная справа. Паводле якога артыкулу, пакуль невядома. Відэа затрыманьня ў «Тэлеграме». Юлію Карначаву адпусьцілі пасьля таго, як склалі пратакол. На яе завялі адміністратыўную справу за дробнае хуліганства. Як Юлія Карначава расказала БелаПАН, яе вінавацяць у тым, што 29 траўня яна перашкаджала зьехаць аўтобусу, у якім адвозілі Ціханоўскага. Юлія звольнілася з працы прадавачкі, каб зьбіраць подпісы ў ініцыятыўнай групе Сьвятланы Ціханоўскай. У яе двое малых дзяцей.