«Газпром» ня будзе мяняць цану паставак газу ў Беларусь на 2020 год, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на расейскую кампанію.
«Цэнавыя ўмовы пастаўкі газу да канца бягучага году былі канчаткова ўзгодненыя 14 лютага», — паведаміла ўпраўленьне інфармацыі «Газпрома» ў адказ на ліст міністра энэргетыкі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ставіць пад пытаньне паглыбленьне інтэграцыі» — Сямашка пра нафтагазавую спрэчку«На падставе поўнага выкананьня беларускім бокам ужо дасягнутых дамоўленасьцяў у 2020 годзе „Газпром“ пацьвярджае гатоўнасьць пачаць перамовы датычна паставак газу ад 1 студзеня 2021-га», — паведамляе расейская кампанія.
У канцы траўня «Газпром» паведаміў, што беларускі бок назапасіў доўг за пастаўкі газу ў памеры 165 млн даляраў. Як толькі будзе ўрэгуляваная запазычанасьць, расейскі бок прызначыць перамовы што да ўмоваў паставак на наступны год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка незадаволены, што Расея прадае Нямеччыне газ за 70 даляраў, а Беларусі — за 127Менск неаднаразова ініцыяваў зьніжэньне цаны на газ, якая ўпала на спотавых рынках у Эўропе да гістарычнага мінімуму. Аляксандар Лукашэнка перакананы, што справядлівы кошт для Беларусі павінен быць удвая меншы.
У канцы мінулага тыдня Міністэрства энэргетыкі накіравала ліст на адрас старшыні праўленьня «Газпрома» Аляксея Мілера з прапановай абмеркаваць мэтодыку цэнаўтварэньня. З адказу вынікае, што ў Маскве ня бачаць падставаў, каб вярнуцца да тэмы.
Беларусь штогод імпартуе з Расеі каля 20 млрд кубамэтраў газу. Гадавы кантракт на пастаўку газу па 127 даляраў за тысячу кубамэтраў быў заключаны ў лютым.