Былога канцлера Нямеччыны перавыбралі кіраўніком рады дырэктараў «Роснефти»

Герхард Шродэр

Былы канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр зноў выбраны старшынём рады дырэктараў «Роснефти». Аб гэтым паведамляецца на сайце расейскай дзяржаўнай нафтавай кампанія.

Шродэр зьяўляецца старшынём рады дырэктараў «Роснефти» з 2017 году. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель тады выступіла з крытыкай рашэньня аб прызначэньні Шродэра старшынём рады дырэктараў расейскай кампаніі. Яна, у прыватнасьці, нагадала, што «Роснефть» уваходзіць у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША намерыўся абкласьці будаўнікоў «Паўночнага патоку-2» новымі санкцыямі

Сам Шродэр трапіў у сьпіс украінскага сайту «Миротворець» пасьля інтэрвію выданьню Aachener Nachrichten у лістападзе 2018 году, у якім ён заявіў, што далучэньне Крыму да Расеі — гэта рэальная сытуацыя, якую рана ці позна давядзецца прызнаць.

Акрамя таго, Шродэр пракамэнтаваў свой удзел у газавых праектах Расеі «стратэгічнай цікавасьцю Нямеччыны». Ён таксама займае пасаду старшыні камітэту акцыянэраў Nord Stream 2 AG — кампаніі-апэратара будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток – 2».

  • Будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2» з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора пачалося ў 2018 годзе. Меркавалася, што кладка труб завершыцца ў канцы 2019 году. Аднак у канцы сьнежня праца была прыпыненая пасьля таго, як Кангрэс ЗША прыняў законапраект, які прадугледжвае ўвядзеньне санкцый супраць кампаній — уладальнікаў суднаў, якія ўдзельнічаюць у пракладваньні труб для «Паўночнага патоку – 2».
  • Пасьля ўвядзеньня санкцый расейскія прадстаўнікі заяўлялі, што «Паўночны паток – 2» усё роўна будзе дабудаваны да канца 2020-га ці пачатку 2021 году.
  • ЗША выступаюць супраць праекту, сьцьвярджаючы, што ён робіць Эўропу празьмерна залежнай ад расейскага газу і таму ўразьлівай. Такую ж пазыцыю падзяляюць Украіна і шэраг краін ЭЗ. Нямеччына, Аўстрыя і шэраг іншых краін, кампаніі якіх удзельнічаюць у будаўніцтве, настойваюць, што гаворка ідзе выключна пра бізнэс-праект.